Беларусь максімальна выкарыстала пляцоўку саміту ШАС для прасоўвання ідэй міру

15 июня 2019

Пачнём "Панараму" з вынікаў вялікай палітычнай падзеі. Напярэдадні ў Бішкеку прайшоў саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Альянс займае адно з вядучых месцаў сярод сусветных інтэграцый. Патэнцыял усіх дзяржаў - удзельнікаў арганізацыі, калі лічыць разам з назіральнікамі і партнёрамі, вялізны. Гэта амаль палова насельніцтва Зямлі. А калі глядзець ВУП, то гэта, лічы, трэць сусветнай эканомікі. Арганізацыю часта завуць "шанхайскай васьмёркай" або нават "шанхайскай сям'ёй".

Беларусь максімальна выкарыстала пляцоўку саміту для прасоўвання ідэй міру і, вядома ж, нацыянальных інтарэсаў. Апроч афіцыйных мерапрыемстваў, гэта быў сапраўдны перагаворны марафон. Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з лідарамі Кітая, Расіі, Індыі, Узбекістана, Таджыкістана, Афганістана, Пакістана і Кыргызстана. Прагматычная эканоміка і рэальныя праекты развіцця. Менавіта ў такім духу праходзілі двухбаковыя перамовы, у тым ліку і з "бацькам-заснавальнікам" шанхайскай ініцыятывы ў Еўразіі, як завуць Старшыню КНР Сі Цзіньпіна. Абмяркоўвалі ліпеньскі міжнародны форум на базе індустрыяльнага парка "Вялікі камень". Прэзідэнт Беларусі папрасіў свайго сябра і калегу забяспечыць максімальна высокі ўзровень прадстаўніцтва з кітайскага боку. Такі паўнафарматны ўдзел традыцыйна працуе на эканоміку, прыцягваючы новых рэзідэнтаў парка, і на імідж сумеснай "жамчужыны" новага Шаўковага шляху. Гаварылі і аб маштабных інвестыцыйных праектах з удзелам кітайскага капіталу на тэрыторыі Беларусі.

Дарэчы, сёння Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі адзначае дзень нараджэння. Афіцыйнае віншаванне накіраваў наш Прэзідэнт. 

"З цеплынёй успамінаю нашы сустрэчы. Высока шаную разуменне і давер паміж намі. Шчыра ўдзячны вам за асаблівую ўвагу, якую вы пастаянна надаеце ўмацаванню дружалюбных сувязяў паміж нашымі краінамі. Пры вашым асабістым садзейнічанні беларуска-кітайскія адносіны выйшлі на вельмі высокі ўзровень і працягваюць набываць новыя абрысы, напаўняючыся ўзаемавыгаднымі праектамі", - гаворыцца ў віншаванні.

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка асабіста павіншаваў свайго сябра з 66-годдзем. Паміж лідарамі склаліся блізкія, даверныя і добрыя адносіны. Яны завуць сябе няйначай як "сябры" або "браты". Таму беларускі Прэзідэнт прадугледзеў падарунак з асаблівым сэнсам. Гэта бронзавая скульптура бусла. Птушка мае вялікае значэнне не толькі ў нас, але і ў Кітаі. Сімвал мудрасці і даўгалецця, прадвеснік дабрабыту. Нясе ў сабе пажаданне міру. І ў нас, і ў Кітаі вераць: месца, дзе буслы будуюць сваё гняздо, зараджана на дабро. Яшчэ адзін сяброўскі прэзент будзе дарэчы да святочнага стала. Ужо ўпадабаныя кітайскім лідарам беларускія прадукты. Самыя карысныя і экалагічна чыстыя. Прадукты ў падарункавым кошыку былі выключна з малой радзімы Прэзідэнта - з Александрыі. Мёд з мясцовай пасекі, натуральныя сокі і морсы, джэмы - усё з садавіны і ягад, вырашчаных на радзіме нашага Прэзідэнта.