Беларусь і В'етнам падпісалі праграму супрацоўніцтва на 2016-2018

9 декабря 2015

Беларусь разглядае В'етнам як аднаго з найважнейшых партнёраў у Паўднёва-Усходняй Азіі. Гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на перамовах з Прэзідэнтам В'етнама Чыонг Тан Шангам. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь, як і В'етнам, праводзіць сацыяльна-арыентаваную палітыку, накіраваную на павышэнне якасці жыцця людзей. Пазіцыі дзвюх краін абсалютна супадаюць па большасці пытанняў міжнароднага парадку дня. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў краін ёсць вялізныя рэзервы для далейшага развіцця адносін. Першым чынам гэта датычыцца гандлёва-эканамічнай сферы.

Чыонг Тан Шанг, Прэзідэнт В'етнама: "Беларусь паслядоўна працягвае свой шлях развіцця. Я цвёрда ўпэўнены, што беларускі народ пад вашым кіраўніцтвам будзе дасягаць новых поспехаў у сацыяльна-эканамічным развіцці, што дапаможа палепшыць жыццё людзей і павысіць пазіцыю Беларусі ў Еўропе і на міжнароднай арэне".

І сёння ў прысутнасці прэзідэнтаў дзвюх краін Беларусь і В'етнам падпісалі праграму супрацоўніцтва ў эканамічнай, навуковай, адукацыйнай і культурнай сферах на перыяд 2016-2018 гадоў. Па выніках перамоў Аляксандр Лукашэнка і Чыонг Тан Шанг прынялі сумесную заяву аб умацаванні і ўсебаковым развіцці адносін паміж краінамі.

У прыватнасці, Беларусь прапануе В'етнаму актывізаваць супрацоўніцтва ў нафтахіміі і свой удзел у разведцы і здабычы карысных выкапняў. Асноўная задача - на працягу 2 найбліжэйшых гадоў давесці тавараабарот паміж краінамі да паўмільярда долараў. Нагадаем, зараз гэты паказчыккрыху менш за 200 мільёнаў.

Пасля кіраўнікі дзяржаў адказалі на пытанні журналістаў. Як заявіў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь разглядае В'етнам у якасці плацдарма ў Паўднёва-Усходняй Азіі, з якога можна развіваць супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі рэгіёна.

Папярэднічаў перамовам неад'емны атрыбут гістарычнай памяці. Кіраўнік беларускай дзяржавы ўсклаў вянок да Манумента Загінуўшым Героям. Гэта нацыянальны мемарыял у гонар воінаў-герояў, якія аддалі свае жыцці за незалежнасць В'етнама ва ўсіх узброеных канфліктах. Аляксандр Лукашэнка таксама ўсклаў вянок да Маўзалея Хо Шы Міна - першага Прэзідэнта Дэмакратычнай Рэспублікі В'етнам.