Беларусь і Пакістан падпісалі Ісламабадскую дэкларацыю двухбаковага партнёрства

29 мая 2015

Гэта вынікі перамоў Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і прэм'ер-міністра паўднёваазіяцкай краіны Наваза Шарыфа. Бакі абмеркавалі ўзаемадзеянне ва ўсіх сферах, у прыватнасці, у гандлі, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, інвестыцыях, культуры і адукацыі. Аляксандр Лукашэнка запрасіў пакістанскі бізнес інвесціраваць у Беларусь. Пляцоўкай для стварэння вытворчасцяў можа стаць Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк "Вялікі камень" - ключавы вузел глабальнага праекта Кітая "Новы Шаўковы шлях". Як вядома, да гэтай праграмы падлучыўся і Пакістан.

Сёння ў Ісламабадзе Аляксандр Лукашэнка анансаваў афіцыйны візіт Наваза Шарыфа ў Беларусь. Чакаецца, што прэм'ер Пакістана наведае Мінск у жніўні. А ўжо пасля перамоў Кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у цырымоніі пасадкі дрэва ў парку Ісламабада. Магнолія стала 125-м дрэвам у Алеі дружбы. На гэтым афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Пакістан завяршыўся. За два дні падпісана каля двух дзясяткаў дакументаў, якія дазволяць значна пашырыць двухбаковае супрацоўніцтва краін.