Беларусь і Пакістан рыхтуюцца істотна пашырыць супрацоўніцтва

25 августа 2016

Наконт гэтага сёння гаварылі на сустрэчы Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка і дзяржміністр па замежных справах, спецпамочнік прэм'ер-міністра Пакістана Саід Тарык Фатэмі. Высокі госць прыляцеў у Мінск, каб дэталёва абмеркаваць будучы візіт беларускага лідара ў Ісламабад. Аляксандр Лукашэнка плануе наведаць Пакістан ужо ў кастрычніку. Беларусь і Пакістан дасягнулі высокага ўзроўню палітычнага ўзаемадзеяння за вельмі кароткі тэрмін. За мінулыя два гады ў сталіцах дзвюх краін пачалі працаваць пасольствы. Акрамя таго, адбыўся абмен візітамі на вышэйшым узроўні. Пра тое, як Мінск і Ісламабад будуюць эканамічны падмурак узаемавыгадных адносін, рэпартаж Аляксея Адашкіна.

Супрацоўніцтва Ісламабада з Мінскам незаслужана доўга знаходзілася ў рэжыме чакання. Зняць адносіны з паўзы дапамаглі кантакты на вышэйшым узроўні. Летась Аляксандр Лукашэнка з вялікай дэлегацыяй упершыню наведаў Пакістан. Вынікам стала падпісанне кантрактаў на суму, амаль роўную гадавому тавараабароту.

Візіт у адказ не прымусіў сябе доўга чакаць. Праз два з паловай месяцы ў Мінск прыляцеў прэм'ер-міністр Пакістана. Кіраўнік урада ў гэтай краіне з'яўляецца па сутнасці першай асобай. Аляксандр Лукашэнка тады асабіста сустрэў Наваза Шарыфа ў аэрапорце. У дыпламатыі такі жэст абазначае, што паміж палітыкамі наладжаныя не толькі дзелавыя, але і сяброўскія адносіны. Наваз Шарыф за час свайго трохдзённага візіту разам з жонкай і сынам пабываў і ў гасцях у беларускага Прэзідэнта ў яго рэзідэнцыі.

Летась у Ісламабадзе пабывала і буйная ўрадавая дэлегацыя з Беларусі. Як вынік візітаў - усяго за год паміж краінамі падпісана амаль шэсць дзясяткаў дакументаў. Сярод іх дэкларацыя беларуска-пакістанскага партнёрства і дагавор аб сяброўстве і супрацоўніцтве.

У мінулым лістападзе Беларусь і Пакістан склалі і дарожную карту супрацоўніцтва. У міждзяржаўным дакуменце дэталёвы маршрут, які павінен прывесці краіны да больш высокіх лічбаў тавараабароту. А гэта абазначае, што Беларусь зможа нарасціць экспарт і павялічыць сваю вытворчую прысутнасць у Азіі, бо план прадугледжвае не толькі павелічэнне аб'ёмаў гандлю, але і запуск шэрагу сумесных прадпрыемстваў.

Ужо сёлета ў кастрычніку Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка плануе наведаць Ісламабад. Праграма паездкі зараз дэталёва прапрацоўваецца.

Беларускі бок настроены на тое, каб атрымаць максімальную карысць ад перамоў з пакістанскім кіраўніцтвам. Сёння Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з дзяржміністрам па замежных справах, спецпамочнікам прэм'ер-міністра Пакістана Саідам Тарыкам Фатэмі. Высокі госць і прыляцеў у Мінск, каб дэталёва абмеркаваць будучы візіт з сяброўскім акцэнтам беларускага лідара ў Ісламабад.

Пакістан - шостая па колькасці насельніцтва краіна ў свеце. Гэты перспектыўны рынак па ёмістасці як уся прастора Еўразійскага эканамічнага саюза. Калі дадаць яшчэ і суседзяў - Кітай, Іран, Афганістан, выходзіць вялікі па аб'ёмах плацдарм. Мінск і Ісламабад абмяркоўваюць удзел у сваіх агульных праектах і трэціх краін.

Па выніках мінулага года ўзаемны тавараабарот паміж дзвюма краінамі склаў крыху менш за 60 мільёнаў долараў. Мы пастаўляем у Пакістан трактары, калійныя ўгнаенні, сінтэтычныя ніткі, шыны, газетную паперу і дзіцячае харчаванне. Асноўныя артыкулы імпарту з гэтай азіяцкай краіны ў Беларусь - гэта рыс, харчовыя прадукты, вырабы са скуры, тканіна і спартыўны інвентар.

Менавіта трактары - зараз самая важкая частка беларускага экспарту ў Пакістан. За ўвесь час было прададзена звыш 126 тысяч такіх машын.

Летась у горадзе Карачы адкрылася і зборачная вытворчасць МТЗ. На аграрны сектар у гэтай краіне прыпадае амаль пятая частка ВУП. І "Беларусы" пакістанскага паходжання за кошт аптымальных суадносін "цана-якасць" змогуць заняць істотную нішу на мясцовым рынку сельгастэхнікі.

Прытрымліваючыся ўсіх пунктаў агульнай дарожнай карты, Беларусь і Пакістан могуць павялічыць тавараабарот да 1 мільярда долараў. Мінск прапануе Ісламабаду супрацоўніцтва ў галіне нафта- і газаздабычы, у прамысловасці, энергетыцы, лагістыцы, сувязі і біятэхналогіях. Замацавацца і атрымаць поспех на гэтым перспектыўным рынку - гэта ўжо задача беларускіх экспарцёраў і канкрэтных прадпрыемстваў, якія на палітычным узроўні атрымалі зялёнае святло.