Беларусь і Кітай разглядаюць двухбаковыя адносіны як стратэгічныя і доўгатэрміновыя

8 апреля 2015

Беларусь ганарыцца адносінамі з Кітаем, а супрацоўніцтва дзвюх краін можна назваць узорным. Аб гэтым сёння заявіў Кіраўнік дзяржавы, сустракаючыся з міністрам замежных спраў Кітая. Аляксандр Лукашэнка і Ван І абмеркавалі пытанні падрыхтоўкі маючага адбыцца дзяржаўнага візіту Старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Мінск, а таксама двухбаковыя адносіны. Эканамічнае супрацоўніцтва развіваецца інтэнсіўна - у 2014 годзе аб'ём гандлю таварамі і паслугамі перавысіў 4 мільярды долараў. Новы імпульс надасць стварэнне беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка. Пекін зацікаўлены, каб рэзідэнтамі эканамічнай пляцоўкі сталі моцныя і канкурэнтаздольныя кампаніі. У цэлым і Беларусь, і Кітай разглядаюць двухбаковыя адносіны як стратэгічныя і доўгатэрміновыя. З падрабязнасцямі сустрэчы - Вольга Макей.

Апошні месяц Ці Сінь не толькі начальнік, але і рускамоўны гід для сваіх пецярых калегаў. Увесь гэты час кітайскія спецыялісты жывуць і працуюць у Бабруйску. На Белшыне. Прадстаўнікі кітайскай кампаніі, якая спецыялізуецца на эксклюзіўным абсталяванні для шыннай прамысловасці, мантуюць новую лінію. Спецыяліст упэўнены: дамагчыся поспеху можна толькі працуючы разам з беларускімі калегамі.

Ці Сінь, спецыяліст па знешнеэканамічнай дзейнасці кампаніі TST: "Нашы спецыялісты прыехалі ў Беларусь упершыню, на Белшыне таксама ў першы раз. Мы тут працуем з 8 да 18 шэсць дзён на тыдзень. Мы разам працуем са спецыялістамі, з працоўнымі Белшыны. Усё робім разам. Зразумела, у нас 5 чалавек, не могуць 5 чалавек запусціць такую вялікую лінію, таму ўсё-такі трэба рабіць усё разам".

Разам Кітай і Беларусь працуюць і ў сферы электрасувязі больш як 10 гадоў. Вядомая сваімі распрацоўкамі ва ўсім свеце карпарацыя ZTE - другі па велічыні вытворца тэлекамунікацыйнага абсталявання ў Кітаі. У найбліжэйшых планах кампаніі - будаўніцтва завода выпуску абсталявання. І менавіта ў Беларусі.

Гэта толькі некаторыя прыклады двухбаковага супрацоўніцтва. Сёння Кітай канкурыруе з ЗША за званне першай эканомікі свету. Затое Паднябесная назапасіла самыя вялікія золатавалютныя рэзервы на планеце - ледзь менш як 4 трыльёны долараў. Гэта ў некалькі разоў больш, чым ва ўсіх краін еўразоны разам узятых. Пекін стварае і Азіяцкі банк інфраструктурных інвестыцый. Ідэя амбіцыйная, на думку некаторых экспертаў, ён стане альтэрнатывай МВФ. Увогуле, магчымасць укладваць грошы ў праекты ў розных краінах ёсць, а Беларусь - надзейны партнёр.

Самая значная частка двухбаковага супрацоўніцтва - стварэнне сумеснага індустрыяльнага парка. Вялікі камень аб'яднае інавацыйныя вытворчасці з экспартным патэнцыялам. Пекін зацікаўлены, каб рэзідэнтамі эканамічнай пляцоўкі сталі моцныя і канкурэнтаздольныя кампаніі. Кітай ужо інвеставаў у мадэрнізацыю цэментавай прамысловасці Беларусі і ў энергетычную сферу. У Мінску мадэрнізаваныя дзве цеплаэлектрацэнтралі.

Новыя магутнасці атрымалі Бярозаўская і Лукомльская ГРЭС. Гэтая станцыя ў Віцебскай вобласці выпрацоўвае 60% айчыннай электраэнергіі. Дзякуючы сучасным тэхналогіям і новаму энергаблоку зараз зможа эканоміць 32 мільёны долараў за год. Будаўніцтва пад ключ вяла кітайская кампанія.

Сумесна з Кітаем у Беларусі наладжана вытворчасць легкавых аўтамабіляў, рэканструяваная аўтадарога, ёсць праекты і ў чыгуначнай сферы. У кітайскім Харбіне збіраюць беларускія сельгасмашыны і кар'ерную тэхніку. Вялікія кантракты з Пекінам і ў салігорскіх калійшчыкаў.

Супрацоўніцтва дзвюх краін развіваецца ў прамым сэнсе на вачах. У Мінску складана не заўважыць аб'екты з традыцыйнай кітайскай архітэктурай. Напрыклад, гэты пяцізоркавы гатэль або жылы мікрараён недалёка ад "Мінск-Арэны". У цэлым, за 23 гады дыпадносін тавараабарот Беларусі і Кітая вырас у 100 разоў. Па паказчыку ўзаемнага гандлю Паднябесная на трэцім месцы сярод нашых партнёраў па-за СНД.

На гэтай графіцы відаць, як рос тавараабарот за апошнія 2 дзясяткі гадоў. Тэмпы вялікія. За мінулы год - больш як 3 мільярды долараў. З улікам гандлю паслугамі - другі год запар пераадольвае планку ў 4 мільярды.

Тое, што гэтая лічба будзе расці - ніхто не сумняваецца. Адзіным нюансам застаецца адмоўнае сальда - гэта значыць, мы купляем больш, чым самі прадаем. Але і гэтая праблема вырашальная: хутка вызначаць новыя групы беларускіх тавараў, у якіх зацікаўлены Кітай.

Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь: "Можна сказаць, што адносіны КНР і Беларусі з'яўляюцца паказальнымі і ўзорнымі. Нават калі ўзяць пазіцыі Кітая і Беларусі на міжнароднай арэне, яны практычна падобныя. Ва ўсіх арганізацыях, на ўсіх форумах Беларусь і Кітай падтрымліваюць адно аднаго. Мы вам удзячныя за гэтую пазіцыю. Вельмі інтэнсіўныя нашы адносіны ў сферы гандлю. Мы дасягнулі тавараабароту парадку 4,5 млрд. долараў. Ёсць, вядома, невялікая праблема. У нас склалася адмоўнае сальда ў гандлі з вамі. Але я думаю, што мы цалкам можам справіцца і з гэтай праблемай".

Ван І, міністр замежных спраў Кітая: "Першым чынам, дазвольце Вам перадаць самае цёплае прывітанне ад вашага вялікага сябра - Старшыні Сі Цзіньпіна. Мы ведаем, што Вы пастаянна прыкладаеце асабістыя намаганні да развіцця беларуска-кітайскіх адносін. Больш за тое, вы зрабілі развіццё адносін з Кітаем адным з галоўных прыярытэтаў у знешняй палітыцы сваёй краіны, мы гэта высока шануем".

Міністр замежных спраў Кітая Ван І не толькі дасведчаны міжнароднік, яшчэ і магістр эканомікі. Таму падчас сустрэчы не абышлося без фінансавых тэм. За апошнія 6 гадоў Кітай адкрыў Беларусі 6 крэдытных ліній на суму ў 14 мільярдаў долараў. У нашай краіне зараз рэалізуюцца 2 дзясяткі інвестраектаў. Каб супрацоўнічаць больш эфектыўна, Аляксандр Лукашэнка запрашае ў Беларусь кітайскія банкі.

Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь: "Мы асвоілі парадку 5,5 млрд. долараў кітайскіх крэдытаў. Мы здзяйсняем 20 праграм. Ад крэдытаў мы пераходзім на прамое інвеставанне. Гэтаму будзе спрыяць беларуска-кітайскі індустрыяльны парк. Таму пры такіх аб'ёмах крэдытавання і ўзаемаадносін у гэтай сферы нам бы жадалася, каб вы былі прадстаўленыя ў Беларусі 1-2 банкамі, каб прасцей былі адносіны гэтыя і мы больш эфектыўна маглі супрацоўнічаць у гэтым кірунку".

Эканамічны пояс Шаўковага шляху, а гэта, першым чынам, абноўленыя аўтамабільныя і чыгуначныя магістралі, звяжа Еўропу і Азію адзіным транспартным калідорам. Праект абмеркавалі на сустрэчы міністр замежных спраў Беларусі з калегам з Кітая.

Шаўковы шлях - не адзіная дарога да развіцця адносін. Дынаміку супрацоўніцтву надаюць візіты на вышэйшым узроўні. Прэзідэнт Беларусі Кітайскую Народную Рэспубліку наведваў ужо 7 разоў. У 2013-м у Пекіне падпісалі знакавы дакумент - сумесную дэкларацыю, гэта значыць - афіцыйна аформілі стратэгічнае партнёрства. Менавіта стратэгічнымі гэтыя адносіны завуць і ў Пекіне, і ў Мінску.

У сярэдзіне мая ў Беларусі чакаюць Сі Цзіньпіна. Да дзяржаўнага візіту рыхтуюцца асабліва. Старшыні КНР плануюць паказаць і тое, на што здольная беларуская прамысловасць, у тым ліку прадпрыемства "Пеленг" - кампанія, якая спецыялізуецца на касмічных распрацоўках. Напэўна тут абмяркуюць і свежы сумесны праект дзвюх краін - стварэнне спадарожніка сувязі.

Сі Цзіньпін наведае Беларусь пасля 9 мая. Да Вялікай Айчыннай вайны ў Старшыні КНР стаўленне асаблівае. Асаблівае стаўленне ў Старшыні КНР да юбілею Перамогі. На адкрыцці азіяцкага эканамічнага форуму Сі Цзіньпін звярнуўся да сусветнай супольнасці: неабходна памятаць аб перамозе ў Другой сусветнай вайне і вывучаць мінулае, каб абараніць праўду.

Сёння ў памяць аб тых, хто змагаўся за мір у рэгіёне, дэлегацыя з Кітая ўсклала вянок да манумента Перамогі.

Для ваеннага параду ў гонар юбілею перамогі ў Мінску Кітайскі аўтазавод выпусціў два эксклюзіўныя кабрыялеты маркі "хунці", што ў перакладзе азначае "чырвоны сцяг". Гэтыя машыны - самыя дарагія ў гісторыі аўтапрама Паднябеснай, але Беларусі перададзеныя бязвыплатна. Напярэдадні іх даставілі самалётам. Дарэчы, гэта быў выпрабавальны палёт, а з 1 мая найбуйнейшая авіякампанія Кітая адкрывае прамы рэйс, які звяжа дзве сталіцы.