Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з новым паслом Расіі ў Беларусі Міхаілам Бабічам

10 октября 2018

Перыяд працы новага пасла Расіі ў Беларусі Міхаіла Бабіча павінен стаць самым актыўным і прарыўным. Такую надзею Аляксандр Лукашэнка сёння выказаў падчас сустрэчы з расійскім дыпламатам, які па сумяшчальніцтве мае яшчэ і асаблівы статус спецпрадстаўніка Прэзідэнта Расіі па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю.

Галоўнай эканамічнай і палітычнай навіной Саюзнай дзяржавы на гэтым тыдні стане V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які стартуе ў Магілёве. У пятніцу кульмінацыяй маштабнага мерапрыемства стане пленарнае пасяджэнне, у якім возьмуць удзел прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Плануецца, што лідары правядуць і двухбаковую сустрэчу.

Сёння ў нашай краіны шчыльныя кантакты з 80 рэгіёнамі Расіі. Кааперацыйныя ніткі цесна звязваюць 8 тысяч прадпрыемстваў дзвюх краін. Дарэчы, па выніках V Форуму рэгіёнаў чакаюць важкі эканамічны эфект на паўмільярда долараў.

Гэта стане добрай прыбаўкай да тавараабароту, які па выніках мінулага года перавысіў 32 мільёны долараў. За першае паўгоддзе 2018-га гэты паказчык ужо большы за 23 мільярды. Падрабязнасці сённяшняй размовы ў Палацы Незалежнасці раскажам ужо менш чым праз гадзіну.