Аляксандр Лукашэнка прыбыў з рабочым візітам у Астану

19 марта 2015

Сёння пачаўся рабочы візіт Прэзідэнта Беларусі ў Казахстан. У праграме - двухбаковая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Нурсултанам Назарбаевым. Чакаецца, што ў Астане адбудзецца і трохбаковая сустрэча прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана і Расіі. Борт Кіраўніка нашай дзяржавы прызямліўся ў аэрапорце Астаны пасля поўдня.

І сёння ж прайшла сустрэча двух прэзідэнтаў. Казахстан для Беларусі на трэцім месцы сярод эканамічных партнёраў у СНД. За мінулы год краіны нагандлявалі на 1 мільярд 270 мільёнаў долараў. Як падкрэслілі лідары, тэмпы крыху запаволіліся ў сувязі з абвалам расійскага рубля і сітуацыяй на знешніх рынках. Тым не менш, Еўразійскі эканамічны саюз працуе. У гэтым немалая заслуга Беларусі, адзначыў Нурсултан Назарбаеў.

Ужо заўтра ў Астане адбудзецца трохбаковая сустрэча прэзідэнтаў Беларусі, Расіі і Казахстана. Кіраўнікі дзяржаў плануюць абмеркаваць гандлёва-эканамічныя выклікі ў рабоце Еўразійскага эканамічнага саюза, а таксама некаторыя міжнародныя пытанні.