Аляксандр Лукашэнка наведаў сумесную беларуска-туркменскую выставу-кірмаш

11 декабря 2015

Працягваецца афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Туркменістан. Сёння - другі дзень. Раніцай Аляксандр Лукашэнка з кароткай экскурсіяй наведаў мемарыяльны комплекс "Народная памяць" у Ашхабадзе. Кіраўнік беларускай дзяржавы ўсклаў вянок да манумента загінуўшым у Вялікую Айчынную вайну.

Вялікі мемарыяльны комплекс з музеем адкрылі ў кастрычніку мінулага года. Ён уключае ў сябе помнік у гонар перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама манументы, якія ўвекавечваюць памяць загінуўшых у Геок-Тэпінскай бітве і ахвяраў ашхабадскага землетрасення. Побач з комплексам размешчаны музей. Манументы акружаныя фантанамі і кветнікамі. Прэзідэнт Беларусі пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей.

І сёння ж Аляксандр Лукашэнка наведаў сумесную беларуска-туркменскую выставу-кірмаш. На ёй прапаноўваецца прадукцыя 117 кампаній - ад харчовых тавараў да прадукцыі машынабудавання. Тут жа вядзецца праца з дылерамі. Нараўне з прадукцыяй такіх гігантаў, як МАЗ, МТЗ, Белшына і Гомсельмаш, наша краіна дэманструе мэблю, газавыя пліты, шпалеры і іншыя тавары, якія могуць быць запатрабаваныя на туркменскім рынку. Акрамя таго, на выставе паказаныя стэнды міністэрстваў адукацыі, спорту і турызму, дадаткова абмяркоўваюцца пытанні навучання туркменскіх студэнтаў у Беларусі. Плануецца, што выставу-кірмаш наведаюць дэлегацыі - госці міжнароднай канферэнцыі, якая праходзіць у Ашхабадзе ў гэтыя дні.

Падчас наведвання выставы Аляксандр Лукашэнка вывучыў экспазіцыю як беларускай, так і туркменскай прадукцыі. Пасля гэтага Прэзідэнт Беларусі адправіўся ў алімпійскі гарадок, дзе агледзеў шматфункцыянальную спартыўную арэну, велатрэк і залу цяжкай атлетыкі. Падрабязнасці другога дня візіту Прэзідэнта ў Туркменістан - у нашых наступных выпусках.