Аляксандр Лукашэнка наведаў храм-помнік у гонар Усіх святых

7 января 2019

Нараджэнне Хрыстова адзначаюць сёння праваслаўныя. Па традыцыі гэта светлае свята з вернікамі падзяляе Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка запаліў калядную свечку ля абраза святога князя Аляксандра Неўскага ў храме-помніку ў гонар Усіх святых. Нагадаем, ён быў адкрыты для вернікаў у канцы мінулага года. А ўзвядзенне святыні працягвалася больш за 20 гадоў. Храм увекавечыў памяць тых, хто загінуў, абараняючы Радзіму ў самыя розныя часы. Ля царквы Кіраўніка дзяржавы сустрэлі Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, протаіерэй Фёдар Поўны, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка і мэр Мінска Анатоль Сівак. Прэзідэнт агледзеў званы, якія будуць усталяваныя на званіцы храма і ўсклаў кветкі да помніка Алексію Другому.

Свята Нараджэння Хрыстова для беларускага народа - больш чым хрысціянская традыцыя. Яно аб'ядноўвае людзей незалежна ад ступені духоўнасці і сілы веры, закранае ў сэрцах глыбінныя пачуцці - жаданне любіць, прабачаць, жыць у міры і згодзе. Падчас набажэнства Аляксандр Лукашэнка адзначыў што Раство - адно з самых глыбокіх па сэнсе хрысціянскіх свят. Яно сімвалізуе нараджэнне чалавека, якому наканавана здзейсніць подзвіг, ахвяраваць сабою дзеля выратавання людзей.

Аляксандр Лукашэнка перадаў у дарунак храму абраз "Раство Хрыстова". Ён выраблены ў майстэрні каменнага россыпу пры Свята-Елісавецінскім манастыры. На іконе намалявана пячора горада Віфлеема, у цэнтры кампазіцыі – Багародзіца, у якой на каленях ляжыць немаўля Хрыстос.

У сваю чаргу Прэзідэнту паднеслі ў падарунак спецыяльны выпуск Евангелля, што распрацаваны да асвячэння галоўнага прастола храма-помніка ў гонар Усіх святых. Кожны разварот кнігі змяшчае тэксты на царкоўнаславянскай і рускай мовах.