Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў падрыхтоўку біятлоннага фестывалю з Дар'яй Домрачавай

10 сентября 2015

Падрыхтоўку біятлоннага фестывалю "Гонка легенд - зоркі біятлона за мір" Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сёння абмеркаваў з трохразовай алімпійскай чэмпіёнкай, Героем Беларусі Дар'яй Домрачавай. Сустрэча атрымалася па-сапраўднаму душэўнай, улічваючы цёплыя і сяброўскія адносіны Кіраўніка дзяржавы і каралевы сусветнага біятлона. Дар'я Домрачава падарыла Аляксандру Лукашэнку дакладную копію вялікага хрустальнага глобуса, уладальніцай якога яна стала ў гэтым сезоне. Кіраўнік дзяржавы цікавіўся падрыхтоўкай нацыянальнай зборнай да чарговага сезона, а таксама будучыняй беларускага біятлона.

Ужо ў гэту суботу Раўбічы прымуць зорных гасцей. Свен Фішэр, Ларс Бергер, Рыка Грос - гэта далёка не ўвесь спіс легенд біятлона. Спаборніцтвы стануць іспытам і для спарткомплекса, які нядаўна перажыў рэканструкцыю. Білеты на марафон ужо набылі 5 тысяч чалавек. Трыбуны раскуплены цалкам, але ў продажы яшчэ застаюцца ўваходныя білеты з размяшчэннем уздоўж трасы. Усе выручаныя ад продажу сродкі пойдуць на будаўніцтва дзіцячага хоспіса.