Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў ордэнам Дружбы народаў прэм'ер-міністра Азербайджана Артура Расізадэ

23 июля 2015

Беларусь і Азербайджан прыкладуць усе намаганні для развіцця братэрскіх адносін. Пра гэта сёння ішла размова на сустрэчы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з прэм'ер-міністрам Азербайджана Артурам Расізадэ. За значны асабісты ўнёсак у развіццё і ўмацаванне гандлёва-эканамічных і гуманітарных сувязяў паміж краінамі Кіраўнік беларускай дзяржавы ўзнагародзіў азербайджанскага прэм'ера ордэнам Дружбы народаў. Сёння падчас сустрэчы Аляксандр Лукашэнка чарговы раз падкрэсліў - Беларусь гатовая супрацоўнічаць з Азербайджанам па ўсіх кірунках. Зараз на фоне актыўнага палітычнага дыялогу бакі наблізіліся да таго, каб зрабіць новы крок у сферы эканамічных адносін. З падрабязнасцямі - Ілона Красуцкая.

Яшчэ 10 гадоў таму гэты аўтамабільны завод у азербайджанскім горадзе Гянджа быў толькі на паперах. Хто б мог падумаць, што ўсяго праз два гады ён стане сімвалам беларуска-азербайджанскіх адносін. За апошнія 8 гадоў з канвеера сышлі амаль 10 тысяч адзінак беларускай тэхнікі. У планах на гэты - вытворчасць 1100 трактароў і 400 МАЗаў.

Сёлета дыпламатычным адносінам Беларусі і Азербайджана споўнілася 22 гады.

За гэты час яны набылі характар стратэгічнага партнёрства. Лідары Беларусі і Азербайджана не раз падкрэслівалі, што ў адносінах, якія вылучаюць шчырасць і надзейнасць, няма закрытых тэм. Без выключэння краіны гатовыя супрацоўнічаць па ўсіх кірунках. У 2013-м адбыўся трэці этап абмену візітамі паміж кіраўнікамі дзяржаў.

У чэрвені гэтага года па запрашэнні свайго азербайджанскага калегі Ільхама Аліева Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у адкрыцці першых Еўрапейскіх гульняў у Баку.

І нават нягледзячы на мноства арганізацыйных клопатаў, тады яны не маглі не сустрэцца. У фармаце сам-насам кіраўнікі дзяржаў не абмежаваліся толькі абмеркаваннем двухбаковага ўзаемадзеяння. Гаварылі пра ментальную блізкасць і даверныя адносіны. Зрэшты, не толькі візіты на вышэйшым узроўні носяць рэгулярны характар. Дэлегацыі з Азербайджана заўсёды жаданыя госці ў нашай краіне.

І сёння адзін з такіх выпадкаў. У Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка сустракае прэм'ер-міністра Азербайджана Артура Расізадэ.

Артура Расізадэ журналісты назвалі адным з самых шчодрых на кампліменты прэм'ераў. І ў той жа час самым адкрытым. Азербайджанскі прэм'ер не ўтойвае свой узрост. Паверыць на слова, што станістаму палітыку 80 - вельмі складана. На пасадзе прэм'ера ён больш за 10 гадоў. Столькі ж сябруе з Кіраўніком беларускай дзяржавы. За ўсе гэтыя гады разам яны правялі не адзін дзясятак гадзін у кабінетах, абмяркоўваючы будучыню па лініі Беларусь - Азербайджан. Плён гэтых працаёмкіх перамоў сёння відавочны нават далёкім ад палітыкі людзям. Паміж краінамі заключана звыш сотні пагадненняў. Нягледзячы на дажджлівы ліпень, Беларусь заўсёды гатова стварыць азербайджанскім інвестарам цёплы бізнес-клімат. У прапрацоўцы новыя праекты па выпуску аўтобусаў і чыгуначных вагонаў.

Тавараабарот па выніках мінулага года склаў 330 мільёнаў долараў. У параўнанні з 2013-м вырас на 14%. Верхнія радкі экспартнага спісу - прадукцыя машынабудавання і малочныя прадукты.

Велічыня гэтых лічбаў, у тым ліку, заслуга і азербайджанскага прэм'ера. За значны асабісты ўнёсак у развіццё і ўмацаванне сувязяў паміж краінамі Кіраўнік беларускай дзяржавы ўзнагародзіў Артура Расізадэ ордэнам Дружбы народаў.

У беларускай сталіцы Расізадэ ледзь ці не кожнае лета. Замест каспійскага ўзбярэжжа і турэцкага курорта азербайджанскі прэм'ер лічыць за лепшае адпачываць у Беларусі. Але ў той жа час справы дзяржаўныя не ставіць на паўзу. Гэта сустрэча з беларускім Прэзідэнтам - добрая падстава зверыць гадзіннікі. Абмеркаваць паспяховасць усяго, што зроблена, і таго, што толькі трэба будзе.

Сёння ў Палацы Незалежнасці бакі дамовіліся нарасціць пастаўкі прадукцыі машынабудавання і паглыбіць прамкааперацыю. Дарэчы, сёлета ў Азербайджан адправіцца і новая партыя кар'ерных самазвалаў БелАЗ. У рэгіёне на слыху і найбуйнейшы ў СНД вытворца спецтэхнікі "Амкадор".

З сумеснай прадукцыяй дзяржавы маюць намер выходзіць на рынкі трэціх краін.

У сваю чаргу Азербайджан скіраваны на доўгатэрміновую перспектыву. У краіне распрацавана комплексная праграма развіцця да 2020 года. Адмысловая роля партнёру стратэгічнаму - Беларусі. Аналітыкі ўжо склалі свой топ перспектыўных ніш супрацоўніцтва. Стаўка на медыцыну, будаўніцтва і турызм. Рэальны прыбытак шматлікіх праектаў кіраўнікі дзяржаў ацэняць асабіста. У лістападзе чакаецца афіцыйны візіт Прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева ў Беларусь.