Аграрную вытворчасць паўночнага рэгіёна абмяркоўваюць у Палацы Незалежнасці

23 октября 2017

Завяршэнне асенне-палявых прац, перагляд структуры пасеваў і аграрнага профілю Віцебскай вобласці. Гэта галоўныя тэмы нарады, якая гэтымі хвілінамі праходзіць у Палацы Незалежнасці. Прысутнічае кіраўніцтва аграрнага блока ва ўрадзе, кіраўнік Камітэта дзяржкантролю і кіраўніцтва паўночнага рэгіёна. Улічваючы кліматычныя ўмовы і асаблівасці ўрадлівасці земляў, на Віцебшчыне немэтазгодна вырошчваць вялікія аб'ёмы збожжавых. Аб пераарыентацыі пасяўных плошчаў Аляксандр Лукашэнка гаварыў не раз. У тым ліку публічна арыентаваў урад і аграрыяў месяц таму падчас сваёй паездкі ў Клецкі раён. Асноўная спецыялізацыя ў АПК паўночнага рэгіёна ў такім выпадку павінна быць звязаная з мясной жывёлагадоўляй. Сёння Прэзідэнт таксама даручыў максімальна актывізаваць намаганні на фінішы асенніх палявых прац. Невялікая частка ўраджаю яшчэ знаходзіцца ў палях. Убраць трэба хутка, гэтага патрабуе надвор'е.

Ураджай збожжавых сёлета эксперты ацанілі як адзін з найлепшых за апошнія 20 гадоў. У некаторых гаспадарках аграрыі дабіліся рэкордных паказчыкаў. Больш як 100 цэнтнераў з гектара ўбіралі на палях Магілёўскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей. У Беларусі намалацілі больш як 7 мільёнаў 600 тысяч тон збожжа. Для параўнання, летась толькі ледзь "перасягнулі" 7-мільённую мяжу. Радуе і ўраджайнасць гародніны ў Беларусі, яна на 12% вышэй за леташнюю. Сёлета ў нашай краіне і выдатны ўраджай другога хлеба. У планах адправіць на экспарт 300 тысяч тон бульбы. Толькі за апошнюю пяцігодку дзяржава ўклала ў АПК больш як 8 мільярдаў долараў, выручка ж за гэты час склала амаль у 3 разы больш - 27 мільярдаў.