А. Лукашэнка: Адносіны Беларусі і Расіі непарушныя, хто б што ні пісаў і ні гаварыў

13 февраля 2019

Галоўныя палітычныя навіны сёння прыходзілі з Сочы. Там адбыліся перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Яны прадоўжацца і ў наступныя дні. На сустрэчы ў Краснай Паляне наш Прэзідэнт заявіў, што адносіны Беларусі і Расіі непарушныя, хто б што ні пісаў і ні гаварыў. Уладзімір Пуцін у сваю чаргу адзначыў, што Беларусь для Расіі з'яўляецца найважнейшым стратэгічным партнёрам і саюзнікам. На перамовах прысутнічаў міністэрскі і ўрадавы пул дзвюх краін. Адносіны Мінска і Масквы знаходзяцца на высокім узроўні з пункта гледжання разнастайных кірункаў міждзяржаўнага ўзаемадзеяння - палітыкі, эканомікі, сацыяльнай сферы, культуры. Лідары пацвердзілі прыхільнасць саюзніцкім адносінам і выказалі ўпэўненасць, што праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць, знойдуць сваё вырашэнне. Толькі дзелавой часткай гэтыя перамовы не абмежаваліся. Разам прэзідэнты адправіліся і на адну з гарналыжных трас, што стала сюрпрызам для аматараў зімовага спорту. З Сочы рэпартаж нашага палітычнага аглядальніка Вольгі Макей.

 

Леапард, Белы Мішка і Заяц. Талісманы Алімпіяды 2014 у Сочы ўсё гэтак жа папулярныя. Праўда, зараз у іх юбілей: зімовыя Гульні тут прайшлі роўна пяць гадоў таму. Як раз гэтымі лютаўскімі днямі Дар'я Домрачава заваявала сваё першае золата, а вярнулася ў Беларусь ужо трохразовай алімпійскай чэмпіёнкай. Сочы ўжо даўно асацыюецца не толькі з пляжным турызмам. Сёння гэты горад - месца для палітычных і эканамічных самітаў. Дарэчы, гэтымі днямі тут і трохбаковая сустрэча па Сірыі, і расійскі інвестыцыйны форум, а сёння абмяркоўваюць саюзную інтэграцыю. А вось пляцоўкамі для сустрэч часта становяцца алімпійскія аб'екты.

Напрыклад, сённяшнія перамовы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі пройдуць на вышыні амаль 1400 метраў. Сёння тут папулярны турыстычны комплекс, а пяць гадоў таму гэта была алімпійская вёска, дзе жылі спартсмены. Дарэчы, зусім побач і залаты для Беларусі біятлонны стадыён "Лаура".

Больш правільна сказаць, што гэта сустрэча - працяг размовы, пачатай у канцы 2018. Тады ў Крамлі ў навагоднія святы Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін бачыліся двойчы: 25 і 29 снежня. Аб новых перамовах лідары дамовіліся па тэлефоне два тыдні таму. Сустрэчу было вырашана правесці ў пашыраным складзе, таму літаральна напярэдадні арганізатарам давялося ўладкоўваць вялікую залу "Валдай", дзе першапачаткова планаваўся прэс-цэнтр. Чакаючы кіраўнікоў дзяржаў, дэлегацыі часу не гублялі. Напрыклад, падчас размовы можна было бачыць Ляшэнку і Козака, якія курыруюць энергетычныя пытанні.

Прэзідэнты сустракаюцца ў добрым настроі. Здаецца, і краявіды горных вяршынь настройваюць на пазітыў, не параўнаць са строгімі крамлёўскімі сценамі. Ды і журналісты, якія ў чаканні перамоў звычайна мяркуюць аб іх выніках, гэтым разам былі захоплены здымкамі заснежаных схілаў. Забягаючы наперад, скажам, прэзідэнты сёння іх выпрабуюць, стаўшы на лыжы. Дарэчы, менавіта са спорту Аляксандр Лукашэнка пачаў сённяшнюю раніцу. Падзяліўся ўражаннямі.

У Сочы - два беларускія санаторыі, адзін - на ўзбярэжжы, другі - у Краснай Паляне. Таксама прыклад супрацоўніцтва дзяржаў. Калі гаварыць аб двухбаковай эканоміцы ў цэлым, тавараабарот з Расіяй за мінулы год уздрос на 9 %. Пераваліў за 35 з паловай мільярдаў долараў. Разам мы будуем Беларускую АЭС, рэалізуем праекты ў навуцы і космасе. Энергетыка - адна з найважнейшых сфер. Уладзімір Пуцін пацвердзіць: аб'ёмы паставак нафты і газу  захоўваюцца на тым узроўні, аб якім дамаўляюцца. Два віцэ-прэм'еры,  якія курыруюць энергетыку,  - Ляшэнка і Козак - рэгулярна праводзяць сустрэчы, каб узгадніць пазіцыі.

 

 Падчас сустрэчы гаварылі і пра харчаванне. Выпускам якасных і,  галоўнае,  карысных прадуктаў,  сёння азадачаны ва ўсім свеце. Але,  нягледзячы на перыядычныя шурпатасці ў пастаўках паміж Мінскам і Масквой, беларускім таварам заўсёды можна давяраць.

Як ужо анансавалася раней,  Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін працягнуць перамовы і ў наступныя дні. Заўтра Сочы прымае трохбаковы саміт па Сірыі, сустрэцца з яго ўдзельнікамі запрасілі і беларускага лідара. А ўжо ў пятніцу на базе адукацыйнага цэнтра "Сірыус" Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмяркуюць гуманітарныя пытанні. У сустрэчы прымуць удзел і профільныя міністры. Навучанне там праводзяць адразу па трох кірунках: навука, спорт, мастацтва. Кожны месяц у "Сірыус" прыязджаюць каля 8-мі сотняў юных талентаў. Спартыўныя навыкі дзеці адточваюць на алімпійскіх аб'ектах, а з будучымі навукоўцамі займаюцца лепшыя выкладчыкі краіны. Карысны вопыт, улічваючы, што свой дзіцячы тэхнапарк створаць і ў Беларусі.

Пытанні інтэграцыі,  напэўна,  абмяркоўвалі і па-за афіцыйнай часткай сустрэчы, Пасля якой, змяніўшы дзелавыя касцюмы на спартыўныя,  прэзідэнты адправіліся на гарналыжны схіл.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін выбралі адну з папулярных трас, што, вядома,  стала сюрпрызам  для адпачывальнікаў. Пакатацца ў кампаніі двух прэзідэнтаў, ужо сапраўды поспех! Асабліва калі атрымалася зрабіць эксклюзіўнае сэлфі.

Такая сустрэча адназначна запомніцца адпачывальнікам, сярод якіх шмат і беларусаў. Дарэчы,  уважлівы глядач разгледзіць у экіпіроўцы  нашага Прэзідэнта шапку з калекцыі Дар'і Домрачавай. Як вядома,  чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка распрацавала лінейку спартыўнага адзення  ўласнага дызайну.

Ужо пасля катання кіраўнікі дзяржаў любаваліся відамі сочынскіх гор з тэрасы. Такія краявіды на заход сонца  і праўда зачароўваюць. Тут прэзідэнты прадоўжылі нефармальныя зносіны ўжо без тэлекамер.