А. Лукашэнка: Аказанне планавай медыцынскай дапамогі спыняць нельга

26 октября 2021

Падчас пандэміі нельга спыняць планавую медыцынскую дапамогу. Сітуацыю ў ахове здароўя Прэзідэнт сёння ацэньвае на базе Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Прэзідэнт з рабочай паездкай у Гродзенскай вобласці

Аднак пачалася рабочая паездка ў Гродзенскую вобласць з яшчэ аднаго актуальнага пытання. Аляксандр Лукашэнка ў першую чаргу пацікавіўся, як ідуць справы з сельгасработамі. У гэтым плане кіраўнік дзяржавы выказаў шэраг нараканняў і паставіў дакладныя задачы - у сціснутыя і аптымальныя тэрміны выканаць работы. Прэзідэнт у тым ліку адзначыў недахопы, якія назіраў з борта верталёта падчас палёту ў Ліду.

А вось як спраўляецца сістэма аховы здароўя на фоне складанай эпідсітуацыі? Ужо другі тыдзень Прэзідэнт асабіста маніторыць стан спраў на месцах. Першы тэзіс: аказанне планавай дапамогі падчас пандэміі адкладваць нельга. Гэта можа несці рызыку для пацыентаў, быць яшчэ больш небяспечным, чым сам каранавірус. Акрамя таго, калі зараз спыніць прыём пацыентаў з якім-небудзь захворваннем, пасля пандэміі ўстановы аховы здароўя будуць перапоўненыя. Таксама Прэзідэнт даручыў у наступным годзе вырашыць праблему з недахопам апаратаў МРТ у Гродзенскай вобласці.

Усяго на тэрыторыі рэгіёна для лячэння і рэабілітацыі пацыентаў з COVID-19 выдзелена 3400 коек або 35 % ад наяўнага фонду. Перапрафіляванне ідзе паэтапна, па меры неабходнасці. Захаваны ўсе віды планавай дапамогі. Арганізацыі аховы здароўя забяспечаны апаратамі штучнай вентыляцыі. Паказчык захворвання на каранавірусную інфекцыю за апошнія два тыдні на 6,5 % знізіўся.