А.Лукашэнка: Дэпутатам трэба папрацаваць максімальна эфектыўна

17 сентября 2019
Цяперашняму скліканню дэпутатаў трэба паскорыць работу над аснаватворнымі дакументамі. Размова аб прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця і аб бюджэце краіны на наступны год. Гэта заявіў напярэдадні Прэзідэнт на сустрэчы са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімірам Андрэйчанкам. Цяперашні склад завяршае работу - фінальная сесія палаты прадстаўнікоў  шостага склікання адкрыецца 2 кастрычніка. Аляксандр Лукашэнка выказаў пажаданне, каб у парламент  больш актыўна вылучаліся палітычныя партыі і жанчыны. Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў, чаго чакае ад новага складу і анансаваў сустрэчу  са складам цяперашнім. 

 Ужо ў найбліжэйшы час праект бюджэту на наступны год паступіць у Палату прадстаўнікоў на разгляд. Гэта ў праекце "Размова ў Прэзідэнта" заявіў спікер Уладзімір Андрэйчанка. Галоўны фінансавы дакумент краіны дэпутацкі корпус плануе прыняць у двух чытаннях ужо да канца кастрычніка. На парадку дня восеньскай сесіі, якая адкрываецца праз два тыдні, 60 праектаў законаў. 40 з іх ужо ў графіку для вынясення ў Авальную залу. Над праектам бюджэту заканадаўцы працуюць з пачатку лета.