Пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў СНД

12 мая 2020
Беларусь выступае за прыняцце на ўзроўні СНД мер для аховы здароўя людзей і падтрымкі эканомікі па аналогіі з тым, як гэта зрабілі ў ЕАЭС. Гэта заявіў сёння кіраўнік знешнепалітычнага ведамства нашай краіны Уладзімір Макей на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў СНД. Яно ўпершыню прайшло ў рэжыме відэаканферэнцсувязі. Ключавая тэма - агульныя задачы па процідзеянні распаўсюджванню каранавіруса.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "На мой погляд, першачарговыя крокі - гэта аб'яднанне  намаганняў па стварэнні процівірусных прэпаратаў і вакцын і наладжванні іх масавай вытворчасці, забеспячэнне бесперабойнай працы транспарту і грузавых перавозак як у рамках Садружнасці, так і з мэтай транзіту. Мэтазгодна прадумаць меры па ўзмацненні самадастатковасці рэгіёна СНД, асабліва ў дачыненні да прадукцыі аграпрамысловага комплексу, тавараў першай неабходнасці і медыцынскіх вырабаў".

Як адзначыў Уладзімір Макей, праект пагаднення аб зоне свабоднага гандлю паслугамі ў СНД можа быць гатовы да падпісання сёлета. Міністр прапанаваў падумаць над актывізацыяй практычнага ўзаемадзеяння краін Садружнасці. У гэтай сувязі Беларусь падтрымлівае ініцыяваны расійскім бокам праект заявы кіраўнікоў дзяржаў - удзельнікаў СНД аб супрацоўніцтве ў галіне гарантавання міжнароднай інфармацыйнай бяспекі.