Выбары Прэзідэнта 2015. Мяжа ў першыя 100 тысяч подпісаў ужо пройдзена

31 июля 2015

У Беларусі працягваецца кампанія, якая выклікае вялікую цікавасць не толькі ў нас, але і за мяжой - выбары Прэзідэнта 2015. Ужо тыдзень у краіне ідзе збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў. Члены 8 ініцыятыўных груп збіраюць подпісы на спецыяльна арганізаваных пікетах, а таксама наведваюць кватэры выбаршчыкаў.

Увесь гэты час працуе спецыяльны сайт Цэнтральнай выбарчай камісіі "Выбары 2015". У рэжыме анлайн кіраўнік ЦВК паведамляе новую важную інфармацыю. І сёння Лідзія Ярмошына ў сваім відэапаведамленні распавяла выбаршчыкам, што мяжа ў першыя 100 тысяч подпісаў ужо пройдзена.

Лідзія Ярмошына, Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі:

"У нас працуюць 8 ініцыятыўных груп, якія падтрымліваюць 8 патэнцыяльных кандыдатаў у Прэзідэнты. Групы працуюць незалежна і не даюць справаздачы ні перад кім, у тым ліку і перад ЦВК. Тым не менш мы валодаем інфармацыяй, што дзве групы ўжо здалі частку падпісных лістоў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Больш за 100 тысяч подпісаў ужо здадзена ў падтрымку вылучэння кандыдатам Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі і больш за 500 подпісаў у падтрымку Лябедзькі".

Як адзначыла кіраўнік ЦВК, збор подпісаў праходзіць без парушэнняў, пад пільнай увагай нацыянальных назіральнікаў.

Лідзія Ярмошына, Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі:

"У тэрытарыяльных выбарчых камісіях, у ЦВК, а ў нас 153 тэрытарыяльныя камісіі, акрэдытавана 188 нацназіральнікаў. Больш за ўсё яны прадстаўлены ў ЦВК, 8 нацназіральнікаў, якія прадстаўляюць асноўныя палітычныя партыі і грамадскія рухі, ужо маюць акрэдытацыю ў Цэнтрвыбаркаме і назіраюць за нашай працай".

Нагадаем, збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты прадоўжыцца да 21 жніўня. Каб кандыдат быў зарэгістраваны, трэба сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў. Пры гэтым канкрэтны грамадзянін Беларусі мае права ставіць подпіс за вылучэнне адразу некалькіх кандыдатаў, але ён не можа падпісацца два і больш разы за аднаго прэтэндэнта.