У Палацы Незалежнасці абмеркавалі ўдасканаленне крымінальнага заканадаўства Беларусі

11 января 2024

Ці быць у Беларусі амністыі? Якія прынцыпы павінны ляжаць у аснове крымінальнай палітыкі? І ці будуць дапрацоўваць крымінальны закон?

Важныя прававыя пытанні сёння ў фокусе ўвагі Прэзідэнта. У Палацы Незалежнасці абмеркавалі ўдасканаленне крымінальнага заканадаўства. Адна з актуальных тэм - меркаваная амністыя. Дзяржава дае магчымасць датэрмінова вызваліцца ад адбывання пакарання тым, хто стаў на шлях выпраўлення. Да такога акта міласэрнасці ў краіне звяртаюцца перад важнымі святамі. Наперадзе 80-годдзе з дня вызвалення Беларусі ад фашызму, і гэта нагода зноў звярнуцца да гэтай тэмы. Пазіцыя Прэзідэнта - амністыя павінна мець адрозненні з улікам асаблівасці важнай даты. Больш пільна трэба паглядзець на асуджаных жанчын, дзяцей, шэраг іншых катэгорый.

"Трэба падысці да пытання амністыі нетрадыцыйна", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы даручыў міністру ўнутраных спраў Івану Кубракову звярнуць увагу "на недахопы папярэдніх амністый, каб іх не паўтарыць". "Зразумела, што ў парламенце законапраект [аб амністыі] таксама абмяркуюць, прааналізуюць з усіх бакоў. Тым больш працаваць трэба будзе новаму складу - людзям са свежым поглядам, ідэямі. Але трэба ўлічваць і крымінагенную сітуацыю ў грамадстве", - растлумачыў Прэзідэнт.

Прынцып, якога ў гэтых і іншых пытаннях трэба прытрымлівацца няўхільна: пакаранне павінна адпавядаць цяжару злачынства. Па даручэнні Прэзідэнта праведзены аналіз шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, іх прымяненне на практыцы. Асобныя выклікаюць дыскусіі дагэтуль. А таму крымінальнае заканадаўства будуць удасканальваць і далей.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены: пры вынясенні рашэння аб пакаранні трэба ўлічваць асобу абвінавачванага. А падыход павінен быць індывідуальным. Цяперашняя рэдакцыя Крымінальнага кодэкса не заўсёды дае такую магчымасць. Па выніках нарады старшыня Вярхоўнага суда паведаміў, што шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэкса перагледзяць (будзе ўведзена альтэрнатыўнае пазбаўленню волі пакаранне). У найбліжэйшы час створаць спецыяльную рабочую групу, якая зоймецца змякчэннем санкцый асобных артыкулаў кодэкса.

Што да амністыі, Прэзідэнт падтрымаў прапановы МУС. Асаблівую ўвагу звернуць на непаўналетніх дзяцей, прыцягнутых да крымінальнай адказнасці, а таксама жанчын, у якіх ёсць непаўналетнія дзеці, шматдзетных маці. Міністр удакладніў: асуджаных па артыкулах "тэрарызм" і "экстрэмізм" амністыя не закране.