Валерый Міцкевіч: Законы павінны быць больш простымі і зразумелымі

6 декабря 2019
Законы павінны быць больш  простымі і зразумелымі. Гэта заявіў абраны сёння на пасаду віцэ-спікера Палаты прадстаўнікоў Валерый Міцкевіч. Ён таксама адзначыў, што прававыя нормы павінны быць дапоўнены з улікам сучасных запытаў і міжнароднага вопыту. А ў тых сегментах заканадаўства, дзе ёсць цяжкасці  рэгулявання, трэба распрацаваць выразны алгарытм дзеянняў.

Валерый Міцкевіч, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу  Беларусі: "Чаму гэта дрэнна, калі складана? Таму што заўсёды ўзнікаюць пытанні, і чалавек марнуе вельмі шмат часу для таго, каб атрымаць нейкія правы.  Насамрэч усюды ёсць пытанні. І заканадаўства - гэта правілы, па якіх мы ўсе жывём. І наколькі добрыя ці дрэнныя гэтыя правілы,  так мы з вамі і існуем кожны дзень, кожную гадзіну".

Віцэ-спікер падкрэсліў таксама неабходнасць супрацоўніцтва пастаянных камісій з профільнымі міністэрствамі і арганізацыямі. Гэта дазволіць прымаць жыццяздольныя рашэнні, якія працуюць як на эканоміку, так і на ключавыя напрамкі сацыяльнай сферы.