У краіне прайшлі выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў

19 февраля 2018

Беларусы зрабілі свой выбар. Напярэдадні ў краіне прайшлі выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў. Канчатковыя вынікі стануць вядомыя ў пятніцу, а сёння Цэнтрвыбаркам апублікаваў папярэднія звесткі. Абраныя 18 тысяч 110 дэпутатаў. Яўка на мясцовых выбарах перавысіла 77 %. Самымі актыўнымі аказаліся жыхары Віцебскай вобласці. Другі вынік па краіне за Магілёўскім рэгіёнам. Выбарчая кампанія завершана. За каго галасавалі беларусы, першыя інтэрв'ю абраных дэпутатаў - у Ілоны Красуцкай.

Алена Аргудзяева ўзначальвае адзін з цэнтраў сацабслугоўвання ў Магілёве. За год прыкладна 18 тысяч чалавек звяртаецца да яе па ўсіх пытаннях, якія нават не ўваходзяць у кампетэнцыю. І наконт дрэнных дарог і бытавых праблем. Упершыню вырашыла вылучыць сваю кандыдатуру ў гарадскі Савет. Вядома, працы з дэпутацтвам дадасца. Але затое зараз больш магчымасцяў паўплываць на чыноўнікаў.

Фінальны дзень галасавання, мабыць, быў самым нервовым толькі для кандыдатаў у дэпутаты. Усё ж канкурэнцыя ў альтэрнатыўных акругах і тым больш у сталіцы - справа стрэсавая. А вось для ўчастковых камісій тым, хто забяспечваў працэс, кампанія не даставіла клопатаў. Выбары прайшлі спакойна. Хіба што менш часу на сон. Усе яны вопытныя людзі, за плячамі якіх не адна палітычная кампанія.

Марына Васількова, старшыня ўчастковай выбарчай камісіі № 79 г. Магілёва:

"Ацэньваю станоўча, здавальняюча, таму што ў рамках усіх выбараў выбарчая камісія працавала ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь. Першыя пяць дзён гэта было датэрміновае галасаванне, нядзеля - асноўны дзень. І было галасаванне дома па заяўленым прынцыпе. Калі мы ўдакладнялі спісы, 5 выбаршчыкаў выявілі жаданне прагаласаваць дома".

Жыхары Віцебскай вобласці аказаліся самымі актыўнымі ў краіне. Яўка выбаршчыкаў - амаль 85 %. Другі вынік па краіне за Магілёўскім рэгіёнам. У вобласці абраныя ўсе 2556 дэпутатаў. За выбарамі там сачылі каля 3 з паловай тысяч нацыянальных назіральнікаў.

Валерый Берастаў, старшыня Магілёўскай абласной выбарчай камісіі:

"У выбарчым працэсе вобласці было задзейнічана ва ўсіх узроўнях камісій больш за 10 тысяч чалавек. Трэба аддаць належнае і сказаць ім вялікі дзякуй за іх прафесійную працу. Заяў і такіх скаргаў, якія маглі б хоць неяк паўплываць на вынікі галасавання, няма".

У Гомельскай вобласці выбарчым камісіям трэба было апрацаваць, мабыць, самую вялікую колькасць бюлетэняў. У спісах выбаршчыкаў мільён 98 тысяч чалавек. З іх 12 тысяч сёлета маглі скарыстацца сваім выбарчым правам упершыню. За ходам галасавання сачылі каля 6 тысяч назіральнікаў. Сярод іх прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, аб'яднанняў і палітычных партый.

А вось прысутнасць на мясцовых выбарах замежных назіральнікаў неабавязкова. Тым не менш ЦВК зарэгістраваў усіх ахвотнікаў. А гэта 46 чалавек. Назіралі за выбарамі ў асноўным супрацоўнікі пасольстваў, якія працуюць у Беларусі. Больш за ўсё сваіх прадстаўнікоў накіравалі пасольствы Расіі, Літвы і ЗША.

Для многіх выбары - сямейная традыцыя, сапраўднае свята. Таму людзі ішлі на выбарчыя ўчасткі цэлымі сем'ямі. Многія загадзя ведалі, за каго аддадуць свой голас. У інтэрв'ю нашай здымачнай групе выбаршчыкі дзяліліся сваім бачаннем, якім павінен быць народны выбраннік мясцовага ўзроўню.

Свой выбар зрабіў і Кіраўнік дзяржавы. Яшчэ загадзя Аляксандр Лукашэнка анансаваў: будзе галасаваць у асноўны дзень, бо ў шчыльным графіку цяжка знайсці час для датэрміновага. А крыху пазней у інтэрв'ю журналістам Прэзідэнт аргументаваў, чым кіраваўся, робячы выбар. Паставіў пазнаку ў бюлетэні насупраць прозвішча чалавека, які прыносіць карысць краіне.

Яўка для выбараў мясцовага маштабу ў выніку аказалася вялікай. Лічба перавысіла 77 %. Гэта на дзясятак пунктаў вышэй за папярэдні прагноз кіраўніка Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай. Беларусы абралі 18 110 дэпутатаў, а вось прэтэндэнтаў было больш за 22 тысячы.

Канчатковыя вынікі выбараў ЦВК падвядзе ў пятніцу. І ўжо на наступным тыдні на першыя сесіі збяруцца абласныя Саветы, каб вырашыць арганізацыйныя моманты і пачаць працу. Фарміраванне мясцовага бюджэту, зацвярджэнне праграм жыллёвага і дарожнага будаўніцтва, добраўпарадкаванне, абарона правоў беларусаў - усе гэтыя пытанні трэба будзе вырашаць выбраннікам мясцовага ўзроўню.