У Санкт-Пецярбургу прайшло пасяджэнне Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы

16 июня 2017

З 1 ліпеня беларускія вадзіцелі зноў змогуць працаваць на тэрыторыі Расіі па сваіх вадзіцельскіх пасведчаннях.

Такое рашэнне прынята сёння на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы ў Санкт-Пецярбургу. Прэм'ер-міністры Беларусі і Расіі абмеркавалі два дзясяткі пытанняў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. У параўнанні з мінулым годам тавараабарот паміж краінамі павялічыўся больш чым на чвэрць. Беларусь сёння - першы гандлёвы партнёр Расіі на прасторы СНД і чацвёрты сярод усіх краін. 35% экспартных паставак - гэта беларускія прадукты і сельскагаспадарчая сыравіна. Абмеркавалі таксама сумесныя навуковыя праекты і супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы. Гэта датычыцца адзінага рынку газу, які павінен запрацаваць да 2025 года.

Андрэй Кабякоў і Дзмітрый Мядзведзеў таксама абмеркавалі фарміраванне адзінай міграцыйнай палітыкі і набалелае пытанне - адзіная візавая прастора. Узніклі некаторыя праблемы, з-за таго, што расійскі бок увёў новы парадак прыёму паветраных суднаў, якія прыбываюць з Беларусі. Як адзначыў Дзмітрый Мядзведзеў, гэтае пытанне будзе прапрацоўвацца заканадаўча, каб грамадзяне дзвюх краін не адчувалі нязручнасцяў падчас перасячэння мяжы.

Па выніках сённяшняга пасяджэння Саюзнага Саўміна таксама было прынята рашэнне, якое дазволіць вырашыць праблемныя пытанні па здыманні ўзаемных абмежаванняў у пастаўках прадукцыі машынабудавання.