У Астане прайшло пасяджэнне Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета з удзелам кіраўнікоў урадаў

27 сентября 2013
Першыя контуры праекта Дагавора аб Еўразійскім саюзе могуць быць прапанаваныя кіраўнікам дзяржаў ужо на мінскім саміце ў кастрычніку, а да канца гэтага года праца над дакументам выйдзе на завяршальную стадыю. Аб гэтым стала вядома па выніках пасяджэння Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета з удзелам кіраўнікоў урадаў, якое прайшло ў Астане. Галоўнымі ў працэсе абмеркавання сталі пытанні мытна-тарыфнага рэгулявання і выкарыстанне ахоўных мер у дачыненні шэрагу тавараў, якія пастаўляюцца ў краіны мытнай тройкі. Адзначым, пасяджэнне праходзіла ў новым фармаце - з удзелам краін-назіральнікаў - Украіны і Кіргізіі.

Вынікі і рашэнні саміту - у матэрыяле Святланы Канапацкай.

Астана гэтым разам стала месцам сустрэчы кіраўнікоў урадаў мытнай тройкі. На парадку дня пасяджэння Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета больш як 10 пытанняў. Галоўная ўвага прыкаваная да праекта Дагавора аб стварэнні Еўразійскага саюза.

29 мая гэтага года ў Астане на пасяджэнні Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета прэзідэнты тройкі падпісалі мемарандум аб пашырэнні ўзаемадзеяння з Кіргізіяй і Украінай. Тады ж былі перад урадамі пастаўленыя задачы па праекце Дагавора аб стварэнні Еўразійскага саюза.

Праца над дакументам ідзе ўжо больш за год. Падпісаць яго павінны ў маі 2014-га. Пасля абмеркавання ў Астане ўрады плануюць прапанаваць праект Дагавора прэзідэнтам ужо на кастрычніцкім саміце ў Мінску. І калі ўсё будзе ісці так, як азначылі, то ўжо ў 2015 годзе краіны павінны жыць у адзіным эканамічным саюзе. Але перш трэба вырашыць нямала пытанняў, першым чынам, у самай адчувальнай для ўсіх сферы тарыфна-мытнага рэгулявання. Пазіцыя беларускага боку ў тым, каб агульны рынак ЕЭС запрацаваў без абмежаванняў. Пытанне прасоўваецца з цяжкасцю. Менавіта гэтым фактам і выклікана тое, што абмеркаванне пытанняў парадку дня замест адведзеных пратаколам 50 хвілін зацягнулася амаль на 3 гадзіны. Але па выніку беларускі бок пакідаў перагаворную залу з добрым настроем.

Атрымалася ўрэгуляваць і пытанні ўвозу на адзіную мытную тэрыторыю грамадзянскіх самалётаў і збожжаўборачнай тэхнікі. Гэты крок дазволіць змяніць сітуацыю на карысць вытворцаў камбайнаў на тэрыторыі краін МС.

Інтэграцыйная тэма гучала і падчас двухбаковых сустрэч, якія прайшлі ў беларускага прэм'ера. Удзельнікаў пасяджэння прыняў і прэзідэнт Нурсултан Назарбаеў.

На цырымоніі фатаграфавання побач з прэм'ерамі Беларусі, Расіі і Казахстана ўпершыню кіраўнікі ўрадаў Украіны і Кыргызстана. Гэтыя краіны афіцыйна будуць прысутнічаць на пасяджэннях у якасці назіральнікаў. Пры гэтым Кіргізія, а за ёй і Арменія ўжо пацвердзілі свой намер уступіць у Мытны саюз.