У беларускіх парламентарыяў завяршылася 4 сесія

26 июня 2014

3 месяцы на прыняцце дзясяткаў эканамічных і сацыяльна-значных законапраектаў. Сёння ў беларускіх парламентарыяў завяршылася 4 сесія. На заключным пасяджэнні ў першым чытанні дэпутаты прагаласавалі за ўзмацненне крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці для браканьераў. Штрафы для аматараў незаконнага ўлову павялічаны ўтрая. Сёння парламентарыі таксама ратыфікавалі ўрадавае беларуска-расійскае пагадненне аб рэадмісіі.


Ганна Лявіцкая, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: Гэты закон аб рэадмісіі будзе накіраваны на грамадзян трэціх дзяржаў, грамадзян без грамадзянства або тых, якія маюць статус бежанца. Мы дзесьці яшчэ раз будзем спрыяць спыненню незаконнай міграцыі на тэрыторыю нашых дзяржаў.


У першым чытанні сёння прыняты і папраўкі ў закон аб зброі. Нягледзячы на тое, што гэта фінальнае пасяджэнне, дэпутаты не бяруць паўзу. Праца над законапраектамі прадоўжыцца і ў міжсесіённы перыяд. У прыватнасці, парламентарыі распрацуюць дакумент, які ўзмацняе адказнасць і кантроль за наркатрафікам. Цэнтральным, безумоўна, стане праект закона аб рэспубліканскім бюджэце на наступны год.