Тэрытарыяльныя выбкамы падчас парламенцкіх выбараў возьмуць на сябе частку функцый Цэнтральнага выбаркама

7 июля 2016

Пра гэта сёння заявіла Лідзія Ярмошына падчас практычнага семінара для прадстаўнікоў абласной і акруговых камісій цэнтральнага рэгіёна. Старшыня Цэнтрвыбаркама растлумачыла: рэгіструюць ініцыятыўныя групы і вырашаюць спрэчныя пытанні сёлета абласныя камісіі. Усяго ў Мінскай вобласці іх сфарміравана 18: 1- абласная і 17 акруговых. Таксама Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу на тое, каб прадстаўнікі ініцыятыўных груп былі максімальна дыпламатычнымі падчас збору подпісаў і пры сабе мелі неабходныя дакументы.

Лідзія Ярмошына, Старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў:

"Выбаршчыкі павінны абавязкова ведаць, што члены ініцыятыўных груп, якія збіраюць подпісы, маюць пасведчанне без фатаграфіі. Гэтае пасведчанне несапраўдна без дакумента з фатаграфіяй, г.з члены ініцыятыўных груп павінны паказаць свой пашпарт альбо службовае пасведчанне, пенсіённае, студэнцкае, але абавязкова з фатаграфіяй. І абавязкова пасведчанне члена ініцыятыўнай групы. З улікам гэтых дакументаў не бойцеся, пускайце іх да сабе дахаты. Але на ўсялякі выпадак запішыце іх прозвішчы. Потым, магчыма, вам спатрэбіцца гэта і ў выпадку праверак подпісаў. Вы ведаеце, выбаркамы будуць правяраць подпісы, пададзеныя кандыдатамі. І вам патэлефануюць з выбаркама, вы скажыце, хто ў вас быў і чыё прозвішча вы запісалі".

Адзначым, падача заяў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп завяршаецца сёння. Збор подпісаў за патэнцыяльных кандыдатаў прадоўжыцца да 1-га жніўня. Рэгістрацыя прэтэндэнтаў на дэпутацкае крэсла пройдзе з 1 па 11 жніўня. Пасля гэтага пачнецца актыўны этап кампаніі - агітацыя. Выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны пройдуць 11 верасня.