Самы актыўны ўдзел "Белая Русь" прымае і ў выбарчых кампаніях

19 января 2018

Дарэчы, сярод 23 тысяч вылучэнцаў на мясцовых выбарах гэтага года каля паловы - гэта прадстаўнікі аб'яднання. Сёння па ўсёй краіне пачынаецца чарговы этап мясцовых выбараў - агітацыя. Не ўсе прэтэндэнты на дэпутацкі мандат дайшлі да гэтага этапу электаральнай гонкі. Больш за 11 % пасведчанне кандыдата не атрымалі - гэта звесткі па Мінску і абласных саветах. Канчатковая лічба стане вядомая праз некалькі дзён. Вераніка Бута працягне.

Напярэдадні завяршылася рэгістрацыя кандыдатаў. Усе, хто прайшоў праверку, атрымалі пасведчанні кандыдатаў і зараз могуць пачынаць агітацыю: дзяліцца з выбаршчыкамі сваімі праграмамі, выступаць у СМІ, праводзіць мітынгі і пікеты. Калі ў рэгістрацыі было адмоўлена, гэтае рашэнне можна абскардзіць на працягу трох дзён. Таму пакуль у Цэнтрвыбаркаме звесткі па колькасці кандыдатаў толькі папярэднія.

На Брэстчыне да чарговага этапу перадвыбарнай гонкі дабраліся не ўсе. Шанц атрымалі крыху больш за 3200 чалавек. Ім уручылі сёння спецыяльныя пасведчанні кандыдата ў дэпутаты. У абласны Савет на адно крэсла сёння прэтэндуюць 2,5 чалавека. Праўда, напрыклад, у 7 акругах выбары будуць безальтэрнатыўнымі.

Менш кандыдатаў у дэпутаты стала па ўсёй краіне. 11,5 % пасведчанне кандыдата не атрымалі - гэта звесткі па Мінску і абласных саветах. Адмовілі ім па розных прычынах: адным з-за памылак у пададзеных дакументах, а хтосьці перадумаў сам.

Высокі градус палітычнай актыўнасці ў сталіцы. Тут зарэгістравана крыху менш за 250 кандыдатаў: амаль 100 чалавек з гонкі выбылі. Але ў Мінскі гарадскі савет па-ранейшаму самы вялікі конкурс: на адно дэпутацкае крэсла змагаюцца больш за 4 чалавекі. Тут і разгорнецца сапраўдная бітва за кожны голас выбаршчыкаў.

Амаль траціна прэтэндэнтаў на мандат у Мінску - гэта жанчыны. У асноўным сярод кандыдатаў людзі, якія працуюць, хоць ёсць і пенсіянеры. Амаль у два разы ў цяперашняй кампаніі вырасла колькасць моладзі. Папярэдне працягнуць гонку каля 130 прадстаўнікоў палітычных партый.

Многія з кандыдатаў ужо пачалі агітацыю. Першыя пікеты з'явіліся сёння на буйных пляцоўках і каля гандлёвых цэнтраў – г.з. у кандыдатаў ёсць усе магчымасці заявіць пра сябе гучна і маштабна. З улікам надвор'я ў Мінску, дарэчы, дазволілі праводзіць пікеты нават у падземных пераходах. Рашэнне прымаюць мясцовыя выканкамы.

Пачынаючы з панядзелка, кандыдаты ў дэпутаты змогуць выступіць па мясцовым радыё. Гэта бясплатныя мінімум 3 хвіліны. За грошы іх выбарчыя праграмы могуць з'явіцца і на старонках мясцовых газет.

Асноўны дзень галасавання - 18 лютага. Датэрмінова апусціць бюлетэнь можна будзе з 13-га. Менавіта з гэтага дня ў маніторынгу мясцовых выбараў змогуць удзельнічаць замежныя дыпламаты. Закон, праўда, не прадугледжвае абавязковага запрашэння замежных назіральнікаў на мясцовыя выбары, але аб сваім жаданні ўдзельнічаць у маніторынгу выбарчай кампаніі яны ўжо пачалі заяўляць. Перашкаджаць іх працы не будуць.