Прэзідэнт сустрэўся з паслом Малдовы ў Беларусі па выпадку завяршэння яго дыпмісіі

20 сентября 2021

Беларусь заўсёды будзе адданая цеснаму сяброўству з Малдовай. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з паслом Малдовы ў нашай краіне Віктарам Сарачанам.

Ён завяршае сваю дыпмісію ў Беларусі пасля чатырох гадоў працы. Прэзідэнт адзначыў высокі асабісты ўклад дыпламата ва ўмацаванне двухбаковых адносін Мінска і Кішынёва. І запэўніў, што Беларусь і надалей будзе падтрымліваць курс на далейшае збліжэнне нашых краін і народаў. Дыпадносіны падыходзяць да 30-гадовай мяжы. За гэты час фармат цеснага ўзаемадзеяння выбудаваны практычна ва ўсіх сферах. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што, нягледзячы на змену палітычнага кіраўніцтва Малдовы, рэспубліка заўсёды застанецца для Беларусі добрым і надзейным сябрам.

У сваю чаргу дыпламат адзначыў дружалюбную палітыку Беларусі ў дачыненні да Малдовы ва ўсе часы. Назваў яе добрай і нават бацькоўскай. Асобна Віктар Сарачан падзякаваў Беларусі за гуманітарную дапамогу яго краіне. Гэта яшчэ больш умацавала двухбаковыя адносіны дзяржаў. Дыпламат разлічвае, што пазітыўная дынаміка захаваецца і надалей.

В. Сарачан: Спадзяюся на разумную палітыку ў далейшым развіцці адносін паміж нашымі дзяржавамі

Цесныя сувязі Мінска і Кішынёва падмацаваныя эканамічным базісам. Па выніках мінулага года краіны нагандлявалі на 200 мільёнаў долараў: (пандэмія знізіла планку). Але ўжо сёлета тэмпы ў гандлі ўзяты больш высокія. Аснова далейшага росту - праекты ў галіне прамысловай кааперацыі: працуе сумесная зборка беларускіх трактароў і пасажырскай тэхнікі ў Малдове. Ёсць узаемная цікавасць і да іншых праектаў. У прыватнасці, сёння краіны разам наладжваюць зборку ліфтаў і аўтобусаў МАЗ.