Перамовы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Латвіі

10 апреля 2013

Здавалася б, нічога сенсацыйнага… Адносіны краін-суседак развіваюцца стабільна і дынамічна, лічбы - яркае таму пацверджанне… У 2012-тым гэта і 3,5  мільярда долараў тавараабароту і каля 130 мільёнаў долараў латвійскіх інвестыцый у нашу краіну. І ўсё ж Латвія - член Еўрасаюза, адносіны з якім у Беларусі няпростыя. А таму і чакалі ад гэтай сустрэчы, акрамя дзелавой гутаркі ў плоскасці Беларусь – Латвія, і заяў па лініі Беларусь - ЕС. Чакалі, таму што ў апошнім часам актывізацыя нашага ўзаемадзеяння з Еўрасаюзам прыкметная простым вокам: намеснік міністра замежных спраў Беларусі днямі сустракалася з кіраўнікамі  брусельскага офіса. Эканамічны форум у Літве сёлета пройдзе з удзелам беларусаў. І словы, якія прагучалі сёння з вуснаў кіраўніка беларускага МЗС, вектар яшчэ раз пацвердзілі. Нягледзячы на праблемы, якія існуюць у нашых адносінах з ЕС, мы не знаходзімся ў тупіку, - упэўнены Уладзімір Макей. Падрабязнасці ў нашага віцебскага карэспандэнта, Аляксандр Свірскі.


Латвія для Беларусі не толькі сусед, але і выгадны эканамічны партнёр. У 2012 Латвійская Рэспубліка заняла 5 месца па тавараабароце, а аб'ём інвестыцый у нашу эканоміку склаў больш як 129 мільёнаў долараў. Прыбалтыйцы купляюць у нас лес, метал і прадукцыю хімічнай галіны, а прадаюць аўтамабілі, лекі і рыбу.


Сустрэча двух міністраў замежных спраў адбылася ў Віцебску невыпадкова. Больш за год таму дзве краіны падпісалі пагадненне аб малым прыгранічным руху. Гэта значыць, што жыхары населеных пунктаў паблізу мяжы могуць перасякаць яе без віз - па спецыяльных пропусках. Пад дзеянне пагаднення трапілі 3 раёны Віцебскай вобласці. Падведучы вынікі рэалізацыі такога эксперыменту, кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў вырашылі яшчэ больш спрасціць працэдуру перасячэння мяжы.


Эдгарс Рынкевічс, Міністр замежных спраў Латвійскай Рэспублікі: Мы даручылі нашым кансультантам спрасціць бюракратычныя працэдуры, каб даць людзям больш лёгкія магчымасці перасякаць мяжу.


У развіцці дыялогу паміж краінамі сёння ў Віцебску і пагранічныя службы падпісалі дагавор, які ўстанаўлівае парадак перасячэння дзяржаўнай мяжы асобамі і транспартнымі сродкамі, перамяшчэнне грузаў, тавараў, а таксама ўрэгуляванне памежных інцыдэнтаў”.


Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: Падпісалі дакумент, які фактычна завяршае фарміраванне мяжы, вырашае ўсе пытанні,  звязаныя з перасячэннем мяжы грамадзянамі, транспартнымі сродкамі і г.д..


Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў сёння абмеркавалі і пытанні адносін Беларусі і Еўрасаюза.


Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: Абмеркавалі адносіны з ЕС, мы данеслі сваю пазіцыю, што мы не ў тупіку, што мы павінны заўсёды знаходзіць алгарытм дзеянняў, каб рухацца ў патрэбным кірунку, і мы дасягнулі разумення.


Эдгарс Рынкевічс, Міністр замежных спраў Латвійскай Рэспублікі: Ёсць яшчэ шмат над чым трэба працаваць. Я думаю, што мы пераходзім да абмеркавання гэтых пытанняў і вырашым іх у палітычным рэчышчы, адкрываюцца новыя магчымасці супрацоўніцтва, ёсць рознагалоссі, але, спадзяюся, мы над імі папрацуем.