Гарантаванне бяспекі - галоўнае напярэдадні рэферэндуму ў Беларусі

13 февраля 2022

Бяспека ваенная, палітычная, грамадская. Гэта слова зараз мы чуем ледзь ці не часцей за іншыя. Менавіта яе гарантаванне знаходзіцца ў цэнтры ўвагі нашай дзяржавы і Прэзідэнта апошнія гады. Усе мы памятаем праславутае ад Аляксандра Лукашэнкі - спакойна жыць нам не дадуць. Прэзідэнт ведаў, пра што гаварыў. Захад ужо не ўтойвае свае намеры і амаль перастаў хавацца за слова "дэмакратыя", развальваючы цэлыя краіны, адшукваючы і фінансуючы ўнутры іх адкрытых маргіналаў. Люты таксама будзе няпростым. Па-першае, наперадзе ў нас рэферэндум. Ужо відавочна, што ў ход пойдзе ўсё, каб паспрабаваць расхістаць краіну напярэдадні важнай і лёсавызначальнай падзеі. Мільярды долараў, выдаткаваныя на няўдалы дзяржпераварот, збеглым трэба адпрацоўваць, а таму ў ход зноў пайшлі цкаванне і пагрозы добрапрыстойным беларусам, экстрэмісцкія фарміраванні за мяжой абмяркоўваюць стварэнне цэлых інтэрнэт-платформ для публікацыі звестак пра членаў выбаркамаў. Ды час толькі змяніўся. Замест чаканага імі страху і адмовы выконваць свае абавязкі збеглыя мяцежнікі атрымалі ў адказ флэшмоб пад хештэгам "мынебоимся".

Дадайце да гэтага знешнепалітычны фон - амерыканскія паліттэхнолагі ратуюць рэйтынг Байдэна, які імкнецца да нуля, а для гэтага ў амерыканцаў дзесяцігоддзямі ёсць толькі адзін правераны сродак - маленькая пераможная вайна. І ўсё роўна, што гінуць мільёны, затое прэзідэнт апоры дэмакратыі дадасць сабе пунктаў 20 у рэйтынгу. Вось і зараз у амерыканскіх палітыканаў і псеўдажурналістаў істэрычны прыступ - Расія нападзе на Украіну. Увогуле трэба быць напагатове. А вось да чаго гатовым, што ў гэтай сувязі на тыдні гучала на вышэйшым узроўні? Спытаем у нашага палітычнага аглядальніка Наталлі Брэвус.

Іван, Вікторыя, вітаю! Адразу скажу, нейкіх ілюзій і самазаспакаення на вышэйшым узроўні няма. Гатовымі зараз сапраўды трэба быць да ўсяго.

Хтосьці можа падумаць, ай, дзе мы, а дзе ключавыя акторы сусветнай палітыкі.

Сёння ў Беларусі сапраўды асаблівая роля ў міжнародных працэсах. І я не гіпербалізую. Складанасць моманту ў тым, што ўнутраны беларускі парадак дня "паралеліць" з абвостраным знешнім. Але па парадку. І спачатку пра наша, надзённае. Калегі, два тыдні і ўжо рэферэндум. Так, прыйшоў час узмацніць Асноўны закон - пагрозы і выклікі будуць узнікаць пастаянна. Апошнія падзеі ў Казахстане таму доказ.

Рэферэндум яшчэ толькі будзе, а еўрадэпутаты ўжо гатовыя даваць ацэнкі. Маўляў, фікцыя. Такая ангажаванасць не здзіўляе, а проста абурае.

Абурае, хоць тут было і прадказальна. Справаздачы аб палітычных кампаніях, як мы ведаем, заходнія "ахоўнікі дэмакратыі" рыхтуюць загадзя. Націск, правакацыі, фэйкі - сёння ўсё ідзе ў ход пасля няўдалых спроб дзяржперавароту і мецяжу ў Беларусі.

Важны акцэнт зробіць Прэзідэнт - нам па сілах і арганізаваць рэферэндум для спакойнага волевыяўлення, і абараніць усіх, хто ў ім удзельнічае. Гэта была рэакцыя на наезды, якія ўжо ўзнікаюць, напрыклад, на членаў участковых камісій.

Патрэбен калектыўны імунітэт ад маніпуляцый грамадскай прытомнасцю! Хай і "балючай", але ўсё-такі дзейснай прышчэпкай ад інфармацыйнага і псіхалагічнага прэсінгу сталі падзеі 2020-га. Зброя ўсё тая ж - сацсеткі і месенджэры, але мы ўжо іншыя…

Узмацніць бяспеку - гэта галоўнае даручэнне Прэзідэнта! Не выключана, што Захад можа шантажыраваць Беларусь ваеннымі сродкамі. Сілы НАТА ў рэгіёне працягваюць нарошчвацца, часовай прысутнасцю ўжо і не "пахне". МНС і ратавальнікі павінны падставіць плячо вайскоўцам, калі што...

Такія рашэнні і мілітарысцкі тон могуць насцярожыць. Але ўжо сапраўды не беларускі Прэзідэнт "накручвае" сітуацыю. Зараз галоўная небяспека ў тым, што дастаткова адной правакацыі - і быць бядзе!

Вангую - паток правакацый і дэзы будзе толькі ўзмацняцца. Інфармацыйныя бомбы то і справа ўзрываюцца… Ну, абы гарматы маўчалі…

Галоўныя асобы вялікай палітыкі на сувязі былі ўсе выхадныя. Дарэчы, пасля Макрона і перад Байдэнам Пуцін перамовіўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Фармулёўкі - як заўсёды ў такіх выпадках - стрыманыя. Але і з іх зразумела, што гаварылі, што адбываецца. Скаардынаванасць і рашучасць саюзнікаў - у наяўнасці. Гэта вам не драўляныя аўтаматы… Дарэчы, самі ўкраінцы, якіх, па сутнасці, пхаюць на вайну, усвядомілі: што паніка - сапраўдная знаходка для ворага, а ваенная істэрыя ўжо наносіць шкоду эканоміцы краіны.

У вольны час проста падумайце, каму выгадна вялікая вайна ў Еўропе і зусім не патрэбен мір? І ўсё адразу стане на свае месцы.