Аб умацаванні беларуска-інданезійскага супрацоўніцтва гаварылі сёння ў Мінску

28 января 2016

Пасол Інданезіі ў Беларусі Джаўхары Аратмангун завяршае дыпламатычную місію ў нашай краіне. Умацаванне міжрэгіянальнага супрацоўніцтва і абноўленыя лічбы ўзаемнага гандлю сёння абмяркоўвалі на выніковай сустрэчы ў Савеце Рэспублікі. Кіраўнік верхняй палаты парламента Міхаіл Мясніковіч канстатаваў манетызацыю супрацоўніцтва абедзвюх краін - тавараабарот у параўнанні з 2013-м годам узляцеў на 70 % і складае звыш 200 мільёнаў долараў. Дынаміка відавочная, але калі ўлічыць эканамічны патэнцыял чацвёртай па насельніцтве краіны свету, лічбы не такія ўжо і вялікія. Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, павялічыць гэты паказчык магчыма за кошт узмацнення не толькі эканамічнага, але і інавацыйнага ўзаемадзеяння.

Міхаіл Мясніковіч, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі: "Адна з найбуйнейшых беларускіх кампаній - БелАЗ - выйграла тэндар на пастаўку 40-ка 110-тонных кар'ерных самазвалаў. Зараз ідзе афармленне кантракта, каб паставіць гэтыя машыны на працягу 2016 года".

Аб умацаванні беларуска-інданезійскага супрацоўніцтва сёння гаварылі і ў Палаце прадстаўнікоў. Яе спікер Уладзімір Андрэйчанка падзякаваў паслу Інданезіі за пашырэнне гандлёва-эканамічных сувязяў, а таксама плённае ўзаемадзеянне ў галіне адукацыі і культуры паміж дзвюма краінамі.