МЗС: расшыфроўка перамоў экіпажа Белавія з украінскім дыспетчарам змяшчае заявы аб пагрозе прымянення баявой авіяцыі

27 октября 2016

У МЗС пракаменціравалі сітуацыю з беларускім бортам Белавія, які 21 кастрычніка выконваў рэйс па маршруце Жуляны - Мінск і быў вернуты ва Украіну. Як растлумачылі ў ведамстве, расшыфроўка перамоў экіпажа боінга з украінскім дыспетчарам змяшчае дакладныя заявы аб пагрозе прымянення баявой авіяцыі.

Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі:

"З гутаркі абсалютна дакладна зразумела, што гэтыя словы - гэта не ініцыятыва дыспетчара. Названае канкрэтнае ведамства, якое аддавала адпаведныя каманды. У цэлым у нас выклікае здзіўленне пазіцыя ўкраінскага боку, украінскіх партнёраў, у дачыненні да якіх Беларусь заўсёды прытрымлівалася добрасуседскай і дружалюбнай лініі. Украінскі бок меў магчымасць дамагчыся сваіх мэтаў, не звяртаючыся да прымусовых дзеянняў у дачыненні да паветранага судна, а выкарыстоўваючы двухбаковыя механізмы супрацоўніцтва па лініі сілавых структур".

Нагадаем, пасля пасадкі з авіясудна знялі пасажыра. Гэта быў грамадзянін Арменіі. Пазней праваахоўныя органы Украіны яго адпусцілі, і ён вылецеў у Мінск наступным рэйсам Белавія. Беларуская авіякампанія мае намер запатрабаваць кампенсацыі выдаткаў з прадпрыемства "Украэрарух".

Падчас сустрэчы ў МЗС кіраўніку ўкраінскай дыпмісіі Валерыю Джыгуну ўручылі ноту пратэсту. Як адзначыў прэс-сакратар МЗС нашай краіны, на жаль, на згаданую сітуацыю рэакцыя ўкраінскага боку абсалютна адсутнічае.