М. Сайдзік: Развядзенне сіл у раёне Станіцы Луганскай у Данбасе запланавана на 7 сакавіка

1 марта 2017

Кантактная група па Украіне завяршыла чарговыя перамовы ў Мінску. Развядзенне сіл у раёне Станіцы Луганскай у Данбасе запланавана на 7 сакавіка - заявіў спецпрадстаўнік АБСЕ Марцін Сайдзік.

Акрамя таго, паводле яго слоў, бакі пацвердзілі сваю прыхільнасць поўнаму адводу цяжкага ўзбраення. Асаблівая ўвага на сустрэчы была нададзена пытанням працы і бяспекі Данецкай фільтравальнай станцыі, якая атрымала значныя пашкоджанні ў выніку баявых дзеянняў.

Марцін Сайдзік, спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе: "Бакі дамовіліся не праводзіць ніякіх абстрэлаў і наступаў на гэтую станцыю. Акрамя таго, плануецца правесці працу па размініраванні ў раёне ДФС і пад'язных дарог да яе. Таксама бакі сышліся ў меркаванні, што неабходна даць гарантыі рабочым станцыі, рамонтных брыгад і прадстаўнікам АБСЕ".

Марцін Сайдзік падкрэсліў, што такая ўвага фільтравальнай станцыі нададзена таму, што гэта жыццёва важны аб'ект для ўсёй Данецкай вобласці. Яна гарантуе водазабеспячэнне ў Аўдзееўку і найбліжэйшыя пасёлкі, а таксама часткова - Данецк і Ясінаватую. Наступнае пасяджэнне кантактнай групы па Украіне ў Мінску пройдзе 15 сакавіка. На парадку дня будзе праект закона аб амністыі і мадальнасці мясцовых выбараў у Данбасе.