Лукашэнка: Трэба прыняць мора законаў у развіццё новай Канстытуцыі

7 июля 2022

7 ліпеня Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам. Абмеркавалі заканадаўчую дзейнасць. Падчас восьмай сесіі дэпутаты разгледзелі 60 законапраектаў. Гэта новая рэдакцыя Кодэкса аб зямлі, змяненні ў Грамадзянскі кодэкс, праект закона "Аб дзяржслужбе", змяненні Крымінальнага кодэкса і іншыя дакументы па падтрымцы эканомікі і пераразмеркаванні паўнамоцтваў паміж органамі ўлады. Яшчэ адна важная работа Палаты прадстаўнікоў - прывядзенне законаў у адпаведнасць з новай Канстытуцыяй. 

Дэпутаты рыхтуюцца разгледзець сёлета праект Закона "Аб Усебеларускім народным сходзе". Рабочая група ўжо падрыхтавала варыянт дакумента. Пры актыўным удзеле парламентарыяў ідзе работа і над іншымі законапраектамі: аб грамадзянскай супольнасці, аб змяненні Выбарчага кодэкса, Кодэкса аб уладкаванні судоў і статусе суддзяў, законаў аб Прэзідэнце Беларусі і Савеце міністраў.