Лукашэнка: Беларусь мае намер выканаць працэдуры для ўступлення ў ШАС да чэрвеньскага саміту ў Дэлі

9 марта 2023

Працэдуры далучэння Беларусі ў якасці паўнапраўнага члена Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва праходзяць у паскораным фармаце. Наша краіна здабудзе статус паўнапраўнага ўдзельніка. Аб юрыдычных нюансах і ініцыятывах нашай краіны ішла размова на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з генеральным сакратаром арганізацыі. Гэтую пасаду займае прадстаўнік КНР Чжан Мін.

Ва ўплывовай глабальнай арганізацыі з 2015 года наша краіна ў статусе назіральніка. А летась у верасні на саміце ШАС у Самаркандзе прынята гістарычнае рашэнне - пачата працэдура ўступлення Беларусі ў члены Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

У гэтым пытанні наша краіна атрымала аднагалосную падтрымку астатніх прадстаўнікоў арганізацыі. Адпаведныя працэдуры праходзяць у паскораным фармаце, і Беларусь у выніку набудзе статус паўнапраўнага ўдзельніка.

Сярод прыярытэтаў Беларусі ў ШАС - эфектыўнае ўзаемадзеянне з партнёрамі па трох асноўных напрамках. Гэта ўмацаванне рэгіянальнай бяспекі, інтэнсіўнае развіццё эканамічнага ўзаемадзеяння і паглыбленне гуманітарных сувязяў.