Георгій Маргвелашвілі сустрэўся з Андрэем Кабяковым

2 марта 2017

Cёння адбыліся перамовы ў беларускім урадзе. З Георгіем Маргвелашвілі Андрэй Кабякоў спачатку гутарыў сам-насам. Бакам ёсць што абмеркаваць, паколькі ў найбліжэйшы час запланаваны візіт беларускага прэм'ера ў Грузію. Пасля далучыліся і дэлегацыі. Ключавыя абмеркаванні тычыліся дамоўленасцяў, дасягнутых напярэдадні ў Палацы Незалежнасці. Згодна з прагнозам урада, да 2018 года ўзаемны тавараабарот паміж краінамі павінен перавысіць 200 мільёнаў долараў.

Андрэй Кабякоў, Прэм'ер-міністр Беларусі: "Узровень адносін паміж краінамі дазваляе забяспечыць рост па ключавых кірунках узаемадзеяння: прамысловасць, сельская гаспадарка, нафтахімія, фармацэўтыка, гуманітарнае супрацоўніцтва. На жаль, у беларускіх брэндаў МТЗ, Магілёўліфтмаша, МАЗа, якія выходзяць на рынак вашай краіны, шмат часу і сіл марнуецца на пошук надзейнага і зацікаўленага партнёра. Таму для нас важныя вашы рэкамендацыі, будзем за гэта вам удзячныя. У сваю чаргу запрашаем грузінскі бізнес у Беларусь".

У гэтыя хвіліны Георгій Маргвелашвілі наведвае Парк высокіх тэхналогій. Кіраўнікі Парка расказалі пра свае самыя яркія праекты за апошнія 10 гадоў. Разам з Георгіем Маргвелашвілі ў ПВТ прыбыў віцэ-прэм'ер нашай краіны Міхаіл Русы.

Зараз Грузія актыўна развівае IT-сектар. Новы тэхналагічны парк пабудавалі ў прыгарадзе Тбілісі ўсяго год таму. Грузіі цікавы беларускі вопыт прыцягнення інвестыцый, падтрымкі інавацыйнага прадпрымальніцтва і IТ-адукацыі.