Алена Купчына абраная старшынёй 17-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНІДА

27 ноября 2017

ЮНІДА - гэта спецыялізаваная ўстанова ААН па прамысловым развіцці. Арганізацыя займаецца даследаваннямі ў галіне прамысловага развіцця і рэалізуе праекты тэхнічнай дапамогі ў дзяржавах-членах. У апошнія гады ЮНІДА актыўна дзейнічае і ў сумежных кірунках: энергетыцы, энергаэфектыўнасці, абароне навакольнага асяроддзя, стварэнні рабочых месцаў, пашырэнні магчымасцяў для жанчын. Дарэчы, прадстаўніца Беларусі ўзначаліла сесію Генеральнай канферэнцыі ўпершыню ў гісторыі. Журналісты АТН першымі павіншавалі Алену Купчыну з абраннем на высокую пасаду.

Алена Купчына, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Аўстрыі, пастаянны прадстаўнік рэспублікі ў міжнародных арганізацыях у Вене: "Шчыры дзякуй за віншаванні! Сапраўды, абранне старшынёй Генеральнай канферэнцыі - гэта вялікі гонар і для нашай краіны, і, зразумела, для мяне асабіста. Гэта знак высокага аўтарытэту, які мае Беларусь у гэтай Арганізацыі. Досыць заўважыць, што менавіта нашай краіне члены ЮНІДА даверылі падпісаць кантракт з генеральным дырэктарам Лі Ёнгам, які быў на пачатку сесіі пераабраны на гэтую пасаду на наступны чатырохгадовы тэрмін.

С пункту гледжання практычнага ўзаемадзеяння з ЮНІДА, дастаткова, на мой погляд, прывесці толькі два прыклады. Арганізацыя з’яўляецца важнай пляцоўкай для абмену інфармацыяй і вопытам. Так, на апошнім тыдні ў рамках ЮНІДА адбылася першая рэгіянальная канферэнцыя краін СНД па ўстойлівым прамысловым развіцці на тэму садзейнічання ўстойлівым рашэнням у энергетыцы і чыстых тэхналогіях, у якой узяла ўдзел і дэлегацыя Беларусі. Па-другое, сёлета ў нашай краіне ЮНІДА ажыццяўляе два праекты тэхнічнай дапамогі з агульным бюджэтам каля двух мільёнаў долараў ЗША. Адзін з іх датычыцца мадэрнізацыі і развіцця прадпрыемстваў, якія вырабляюць аўтакампаненты; другі – стварэння аграпрамысловага парка ў Гродзенскай вобласці. І, як мы бачым, гэта вельмі цікавыя і карысныя для Беларусі праекты".

На 17-й сесіі наша дэлегацыя занесла на разгляд Генеральнай канферэнцыі праект рэзалюцыі, якая мяркуе распрацоўку і ажыццяўленне ЮНІДА доўгатэрміновай стратэгіі ўзаемадзеяння з дзяржавамі з сярэднім узроўнем прыбытку. Апроч Беларусі, у гэтую групу ўваходзіць 96 краін - членаў ЮНІДА са 168.