Эксперты абмяркоўваюць вынікі двухдзённага форуму "Мінскі дыялог"

9 октября 2019

Міжнародная канферэнцыя ў рамках платформы "Мінскі дыялог" падышла да канца. Вынікі двухдзённай размовы шырока абмяркоўваюць і грамадскасць, і эксперты з розных краін. Моцнай і эмацыянальнай атрымалася і прамова нашага Прэзідэнта. Асабліва наконт сітуацыі  ў суседняй Украіне, дзе ўжо шосты год ідзе вайна. Прычым канфлікт пераходзіць у стадыю замарожанага, а рашэння няма дагэтуль. Ды і ў цэлым (гэта пацвярджае рост цікавасці да такой дыскусіі) становішча ў свеце  далёка ад спакойнага. У ключавых тэзісах канферэнцыі разбіраўся наш палітычны аглядальнік  Аляксей Волкаў

"Еўрапейская бяспека: адысці ад краю прорвы". Чалавеку, недасведчанаму  ў працы палітычнага барометра Еўропы, такая назва канферэнцыі можа здацца залішне пафаснай. Так, гаварыць людзі навучыліся яшчэ 50 тысяч гадоў таму, а вось размаўляць і зараз атрымліваецца не заўсёды. Таму і атмасферны націск на кантыненце павышаецца.

Ніл Кент, прафесар Кембрыджскага ўніверсітэта: "Яны першыя пачалі. І калі ў геапалітыку адносіны дзвюх звышдзяржаў пачынаюць нагадваць адносіны ў двары,  хто большы, той і больш круты, на вагах архітэктуры бяспекі з'яўляюцца невялікія дзяржавы як Беларусь. Тут ужо не да палітычных ачкоў, калі рвануць можа ў любы момант,  і гучна, і балюча". 

Аляксандр Вершбоу, былы намеснік Генеральнага сакратара НАТА: "Рознагалоссі Расіі і НАТА не могуць цалкам знікнуць, бо альянс паабяцаў, што аднойчы Украіна і Грузія стануць членамі НАТА. І я б сказаў, што пашырэнне блока на Усход  ніякім чынам не пагражае бяспецы Расіі. Гэта самая стабільная і мірная частка расійскай мяжы на Захадзе".

Некалькі гадоў узброенага канфлікту, умяшанне звонку і тысячы загінуўшых мірных жыхароў і замарозка вайны без рашэння.  Такі сцэнарый спазнала на сабе тады яшчэ Югаславія і  Афганістан, і Прыднястроўе, і Кіпр, і Паўднёвая і Паўночныя Карэі, Індыя і Пакістан, і, вядома, Украіна. Вуглі вайны не гаснуць на Данбасе. З трыбуны форуму Прэзідэнт Беларусі гаворыць непрыемную праўду.

Аргенцінскі празаік і паэт Хорхе Луіс Борхес пісаў, што ў чалавецтва ёсць толькі чатыры гісторыі, якія ідуць цыклам, і адна з іх  аб пошуку. І апошнія пяць гадоў гэты цыкл пра ўсходнюю Украіну. "Нет капитуляции" и "Зелю - геть" - такія лозунгі выкарыстоўваюць праціўнікі формулы Штайнмаера і Зяленскага, нацыяналісты і былыя кіраўнікі краіны, здаецца, супраць самога факта вырашэння канфлікту. Хоць Штайнмаер проста прапанаваў увесці закон аб асаблівым статусе Данбаса - ядро мінскіх пагадненняў. 

Але як і з Данбасам, вызначыць тонкую чырвоную лінію вайны і міру ў свеце ўсё цяжэй. Мінск не прапануе дакладныя рэцэпты і не навязваецца як пляцоўка для міратворчасці. Трэба проста пагаварыць і прыйсці да таго, што інтарэсы -  гэта трэба, добра і важна, але вайна  не толькі ўсё спіша -  знішчыць. Дастаткова зазірнуць у гісторыю.