Беларускія парламентарыі сёння сабраліся на чарговае пасяджэнне чацвёртай сесіі

21 мая 2014

У другім чытанні прыняты адзін з чаканых дакументаў - законапраект аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Амаль паўтары гадзіны дэпутаты прысвяцілі і абмеркаванню рэзананснага законапраекта аб ахове здароўя. Адно з новаўвядзенняў: беларускім урачам дадуць права адмовы ад правядзення аборту. Законапраект таксама вызначыў выпадкі, калі паняцце ўрачэбная таямніца можа быць парушана. Ілона Красуцкая больш падрабязна.


Рабочы дзень беларускіх парламентарыяў сёння пачаўся з разгляду аднаго з самых чаканых законаў. Дэпутаты прагаласавалі ў другім чытанні за законапраект аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нагадаем, гэты праект закона асабіста ініцыіраваў Прэзідэнт краіны. Наступны крок - дакумент разгледзіць і прыме верхняя палата. Пасля яго падпіша Кіраўнік дзяржавы.


Паводле папярэдніх звестак, з папраўчых устаноў Беларусі на волю могуць выйсці каля 2700 чалавек. Тэрмін пакарання будзе скарочаны на год яшчэ прыкладна 7 тысячам асуджаных.


Зрэшты, падчас сённяшняга пасяджэння гучных заяў было дастаткова. У другім чытанні прынятыя папраўкі ў закон аб ахове здароўя. Іх, дарэчы, абмяркоўвалі не толькі ў Авальнай зале, але і яшчэ амаль паўтары гадзіны ў прэс-цэнтры. Адно з рэзанансных новаўвядзенняў: беларускім урачам дадуць права адмовіцца ад правядзення аборту. Спецыяліст зможа перанакіраваць пацыентку да свайго калегі. Аднак гэта магчыма толькі пры наяўнасці пісьмовага апавяшчэння кіраўніка медустановы. Яшчэ адна абавязковая ўмова: адсутнасць пагрозы жыццю і здароўю жанчыны.


Аляксандр Цацоха, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы: За апошнія 13 гадоў колькасць абортаў знізілася на 77 працэнтаў. У суадносінах колькасць родаў і абортаў змянілася ў бок памяншэнні, г. зн. родаў стала больш, чым абортаў. І, акрамя таго, варта адзначыць, што 21 працэнт абортаў у краіне праводзіцца ў жанчын з самаадвольнымі выкідышамі або па іншых медпаказаннях.


Гаварылі і пра ўрачэбную таямніцу. А дакладна пра тыя выпадкі, дзе закон дазваляе яе парушыць. Без згоды пацыента пра стан яго здароўя ўрачы могуць паведаміць звесткі ваенкаматам, страхавым кампаніям альбо наймальнікам у выпадку вытворчай траўмы.


Аднак гэтую інфармацыю не ўдасца атрымаць па тэлефоне. Дзейнічаюць толькі пісьмовы або электронны запыты.


Сёння ж дэпутаты ратыфікавалі пагадненне паміж урадамі Беларусі і Расіі па выкарыстанні глабальнай навігацыйнай спадарожнікавай сістэмы. ГЛАНАСС дазволіць аптымальна арганізаваць рух транспарту. Акрамя таго, стане добрым памочнікам у сельскай гаспадарцы.


Парламентарыі ратыфікавалі і пакет дакументаў па Мытным саюзе. У прыватнасці, паставілі заслон для незаконнага перамяшчэння наркатычных і псіхатропных рэчываў на тэрыторыі тройкі.


Усяго дэпутаты разгледзелі дзевяць пытанняў. У першым чытанні прагаласавалі і за законапраект, што датычыцца мясцовага самакіравання. Так, дэпутату мясцовага Савета даецца права на адзін свабодны дзень у месяц з захаваннем зарплаты для ажыццяўлення сваіх паўнамоцтваў. Што да выканкамаў, то яны атрымліваюць права ствараць камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы па аказанні пэўных паслуг, сярод якіх рамонт жылля.