2 красавіка Беларусь і Расія адзначаюць Дзень яднання народаў

1 апреля 2017

Свята, якога не маюць іншыя дзяржавы. 2 красавіка Беларусь і Расія адзначаюць Дзень яднання народаў. Сёлета яно асаблівае - 20-годдзе нашаму агульнаму саюзу і 25 дыпадносінам. Але калі адхіліцца ад сухіх лічбаў, то некалі пілотны праект, які шматлікія ўспрымалі, як эксперымент, стаў поўнамаштабным саюзным дыялогам, заснаваным на прынцыпах раўнапраўя, узаемнай выгады і павагі інтарэсаў адно аднаго, а таксама добрым вопытам у стварэнні новых аб'яднанняў. Дзякуючы і гэтаму вопыту на палітычнай карце свету з'явіліся Мытны саюз і Еўразійскі эканамічны саюз. Нашы народы звязваюць як інтэграваныя эканомікі, так і агульныя каштоўнасці і традыцыі - Беларусь і Расія - удзельнікі адзінага гістарычнага працэсу і блізкія суседзі.

З нагоды знакавай даты зварот народам дзвюх краін накіраваў Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі - не проста знамянальная дата ў новай гісторыі нашых краін, гэта пацверджанне духоўнай і культурнай блізкасці двух братэрскіх народаў, цеснага палітычнага і эканамічнага партнёрства. Гэты год характэрны ўдвая - пачаткам трэцяга дзесяцігоддзя саюзнага будаўніцтва і 25-годдзем устанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. Мы разам уносім вялікі ўклад у забеспячэнне сацыяльных гарантый і роўнасці правоў беларусаў і расіян, а таксама ў паглыбленне двухбаковых гуманітарных сувязяў. Высокі ўзровень даверу дазваляе нам цесна ўзаемадзейнічаць у сферы знешняй палітыкі і бяспекі. За параўнальна кароткі адрэзак часу саюзны праект раскрыў вялізны стваральны патэнцыял для далейшага развіцця эканомік Беларусі і Расіі, - гаворыцца ў звароце.

Таксама з Днём яднання двух народаў Аляксандр Лукашэнка павіншаваў свайго расійскага калегу Уладзіміра Пуціна. Беларускі лідар асабліва падкрэсліў, што сумеснымі намаганнямі бакі прадоўжаць саюзнае будаўніцтва і развіццё інтэграцыйных працэсаў на прынцыпах раўнапраўя і ўзаемнага даверу.

Пытанні развіцця двухбаковых беларуска-расійскіх адносін з акцэнтам на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, існуючую ў гэтых сферах праблематыку, а таксама ўзаемадзеянне ў інтэграцыйных фарматах стануць ключавымі на маючых адбыцца сустрэчы лідараў Беларусі і Расіі. 3-га красавіка ў Паўночнай сталіцы Расіі запланаваныя перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.