17 лістапада ў Палацы Рэспублікі пачне працаваць інфармацыйны цэнтр Цэнтрвыбаркама

15 ноября 2019
Эпіцэнтрам навін пра ход асноўнага дня галасавання ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу стане Палац Рэспублікі. 17 лістапада тут пачне працаваць інфармацыйны цэнтр Цэнтрвыбаркама. У нядзелю,  17 лістапада, тут чакаецца рэпарцёрскі аншлаг. За выбарамі ў парламент будзе сачыць каля 700 журналістаў. Аляксандр Лучонак працягне. Самыя свежыя лічбы і апошнюю інфармацыю журналісты будуць атрымліваць з малой залы. Менавіта тут у фармаце прэс-канферэнцый літаральна кожныя дзве гадзіны супрацоўнікі Цэнтрвыбаркама будуць распавядаць пра ход галасавання. Пры падрыхтоўцы лакацыі ўлічылі ўсё для аператыўнай працы. Так, напрыклад, нам,  рэпарцёрам,  выходзіць у прамыя эфіры можна будзе, так сказаць, не адыходзячы ад інфармацыйнага патоку. Літаральна за некалькі метраў ад уваходу ў залу размясціліся вось такія спецыяльныя стэнды галоўных каналаў краіны. 

Абсталяванне расстаўлена і гатова да працы, але пакуль яго ўсё яшчэ інтэнсіўна тэстуюць. У самы адказны момант тэхніка павінна працаваць як гадзіннік. Інфармацыю аб выбарчай кампаніі можна будзе перадаць праз інтэрнэт, а аматары больш кансерватыўнай сувязі змогуць патэлефанаваць у любы пункт свету. Аб галасаванні ў рэгіёнах будуць паведамляць з дапамогай канферэнц-сувязі. Запланаваны прамыя лініі з членамі ЦВК і кіраўнікамі выбарчых камісій з рэгіёнаў.

Журналісты стануць такімі рэтранслятарамі інфармацыі пра ход галасавання. Дарэчы, тут жа ў дзень выбараў пачнуць працаваць і міжнародныя назіральнікі, палітолагі і прававеды, якія будуць даваць ацэнку палітычнай гонцы ў парламент. З экспертамі можна будзе дамовіцца аб інтэрв'ю ў прамым эфіры ў спецыяльных зонах або нават пагаварыць па-за тэлекамерай сам-насам. З раніцы ў нядзелю працаваць у інфацэнтры пачнуць карэспандэнты Агенцтва тэленавін. Для маштабнага асвятлення выбарчай кампаніі Белтэлерадыёкампанія задзейнічала 7 камер і перасовачную тэлестанцыю. Дзякуючы тэхнічным магчымасцям у прамы эфір можна будзе выходзіць адразу з некалькіх пунктаў. 

 Сачыць за тым, што адбываецца ў малой зале, можна практычна з любога пункта інфармацыйнага цэнтра, тут размясціліся дзясяткі тэлекамер. Першую прэс-канферэнцыю яны зафіксуюць 17 лістапада ў 10:00. 


Тэгі:

#Выборы 2019