Зорны паход па месцах баявой і працоўнай славы беларусаў

1 февраля 2020
Падчас зімовых канікул Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка ладзіць інтэрнацыянальны паход па месцах баявой і працоўнай славы беларусаў. Сёлета ён юбілейны - 55-ты - і прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі. Удзел у ім узялі больш за 300 чалавек з 7 краін. Адно з месцаў на карце нашай краіны, дзе сустракалі ўдзельнікаў паходу, невялікая вёска Шапуры, што ў Віцебскім раёне. Менавіта там знаходзіцца найбуйнейшае воінскае пахаванне часоў Вялікай Айчыннай. Асаблівы сэнс падзеі надаў той факт, што сярод студэнтаў быў і праўнук пахаванага у Шапурах абаронцы Айчыны. 
Больш за сотню месцаў памяці, што пакінула Вялікая Айчынная вайна, адзначана на карце Віцебскага раёна. Напярэдадні аперацыі “Баграціён” тут 9 месяцаў стаяў фронт. Чалавечыя страты былі велізарнымі: падчас вызвалення раёна загінулі сто тысяч салдат і афіцэраў. 
Ніколі не знікаюць жывыя кветкі на мемарыяле ў вёсцы Шапуры. Сціплы помнік – адзіны для тысяч салдат. 
У брацкай магіле пахаваны больш за 17 тысяч абаронцаў Айчыны. Гэта найбуйнейшае воінскае пахаванне ў Беларусі часоў Вялікай Айчыннай. На плітах - прозвішчы ўраджэнцаў бадай усіх былых савецкіх рэспублік.
Сёння ў Шапурах асабліва чакаюць гасцей з Казахстана. Разам з беларускімі студэнтамі ў зорны паход адправіліся навучэнцы Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Гумілёва. Сярод іх - Адыль Ягінбай. У Шапурах пахаваны яго прадзед – баец 144-ай стралковай дывізіі Камалі Жуваншпаеў. 
Зорны паход па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа студэнты і выкладчыкі ладзяць з 1966-га года. Сёлета за 5 дзён 9 атрадаў ушануюць памяць загінуўшых у гады вайны, ускладуць кветкі да мемарыялаў, акажуць дапамогу ветэранам і возьмуць з сабой зямлю з кожнай брацкай магілы. Пасля заканчэння паходу капсулы будуць закладзены ў храме-помніку ў гонар Усіх Святых у Мінску. 
Падчас паходу будучыя педагогі заехалі і ў Акцябрскую школу Віцебскага раёна. Тут іх чакала экспазіцыя, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне, канцэрт, успаміны пра герояў вайны. А супрацоўнікі Музея гісторыі Заронаўскага краю перадалі гасцям спіс імёнаў салдат з Казахстана, што загінулі на тэрыторыі Віцебскага раёна і лічыліся знікшымі без вестак, а таксама папрасілі дапамагчы з пошукамі сваякоў герояў.