У цэнтры Мінска з'явіліся малюнкі катоў

28 марта 2015

Ну, а творчы патэнцыял чатырох беларускіх мастакоў адбіўся на вуліцах Мінска. У цэнтры горада з'явіліся малюнкі катоў, што стала інтрыгай для жыхароў сталіцы. І сёння мастацкая загадка была раскрытая. Графіці ствараліся спецыяльна для новай дэтэктыўнай гульні.

Пра забавы гараджан - рэпартаж Іны Пілевіч. Размалявалі сцены фарбай, і ім за гэта нічога не было. Чатыры графіці-мастакі ўпрыгожылі сваімі працамі краявіды сталіцы. Эскізы, як і месца для малюнка, адобрылі гарадскія ўлады. Усе працы аб'яднаныя адной тэматыкай - на сценах горада ажылі сакавіцкія каты.

Адшукаць васьмярых катоў у горадзе - задача для ўдзельнікаў гарадскога квэста або іншымі словамі дэтэктыўнай гульні. Старт - у парку Горкага. Месца дзеяння - Партызанскі раён. Удзельнічаюць 10 каманд. Перамога дастанецца самым кемлівым і хуткім.

Вось такую карту атрымліваюць удзельнікі квэста. Тут знаходзяцца падказкі па маршруце. Малюнкі могуць размяшчацца дзе заўгодна: на трансфарматарных будках, агароджах, сценах дамоў. Задача кожнага ўдзельніка знайсці іх і сфатаграфавацца.

Усе здымкі павінны быць зробленыя камерай толькі аднаго мабільнага тэлефона. У кадры абавязаныя прысутнічаць усе прадстаўнікі каманды. Інакш вынік не залічаць. Па выніку парушэнняў не зафіксавана. Мінімальны час праходжання маршруту - 25 хвілін. Неўзабаве карта квэста з'явіцца ў адкрытым доступе. І кожны зможа ўстанавіць свой хуткасны рэкорд праходжання дэтэктыўнай гульні.

Галоўны прыз - карціна Сяргея Крыштаповіча. Мастак штогод арганізуе выставу, прысвечаную вобразу ката. Гэтай вясной экспазыцыя дзейнічае ў Палацы шахмат і шашак.