Жлобін гатовы прыняць Дажынкі

21 сентября 2013

Пра гэта сёння заявіў старшыня аргкамітэта віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы. Усё мерапрыемствы па падрыхтоўцы горада выкананыя ў тэрмін. Дарэчы, сёння ў рамках падрыхтоўкі да фестывалю ў горадзе ўвялі ў строй абноўлены аўтавакзал. Пабудаваны 39 гадоў таму, ён упершыню за столькі гадоў дачакаўся маштабнай рэканструкцыі.



Пра гэта і не толькі Віталь Краснабаеў.


На будучай цэнтральнай пляцоўцы Дажынак сёння ўжо ўзводзяць галоўную сцэнічную пляцоўку. А Жлобін гатовы прыняць свята. Аб гэтым гаворыць кіраўнік аргкамітэта фестывалю Міхаіл Русы. Нягледзячы на сціплыя тэрміны, цяперашняя сталіца Дажынак рыхтавалася сем месяцаў, усе работы выкананы ў тэрмін і якасна.


У гатоўнасці горада ўпэунівае і кожны крок па Жлобіне. Большасць аб'ектаў здадзена і працуе. Мясцовы бульвар ўпрыгожыў сімвал горада - ладдзя. На падыходзе гасцініца. А сёння ў рэйс пайшоў першы аўтобус з абноўленага аўтавакзала.


Яго будавалі пад патрэбы саракагадовай даўнасці і з тых часоў ні разу не рамантавалі. Стары, шэры і няўтульны - такім быў да апошняга часу жлобінскі аўтавакзал. Ён быў разлічаны на прыём некалькіх сотняў пасажыраў і паўтара дзясятка аўтобусаў. Але за сорак гадоў транспартны паток тут вырас у разы. Штодня ад гэтай платформы адыходзіць да 70 рэйсавых аўтобусаў, на якіх ад'язджаюць паўтары тысячы пасажыраў.


Другое нараджэнне жлобінскага вакзала каштавала транспартнікам крыху больш як шэсць мільярдаў рублёў. Трэцюю частку выдаткавалі на энергазберагальныя тэхналогіі. Само памяшканне перажыло маштабную перапланіроўку. Цяпер тут для вадзіцеляў з'явіліся пакоі адпачынку, для пасажыраў з дзецьмі - пакой маці і дзіцяці. Для ўсіх асобная касавая зона плюс расклад руху цяпер высвечваецца на інфармацыйных экранах.


Яшчэ адзін прыемны сюрпрыз ад агркамітэта фестывалю для ўсяго горада. Новы каскад азер вырашана абсталяваць фантанамі. Па адным на кожнае возера. І зрабіць гэта павінны да наступнай пятніцы.