Жыхарам ускраіны Віцебска не даюць спакою бабры

25 октября 2017

Нядобрае суседства. Жыхарам ускраіны Віцебска не даюць спакою бабры. Грызуны арудуюць на падворках: рыюць норы і знішчаюць дрэвы. Справіцца самастойна з нашэсцем грызуноў людзі не могуць. З праблемай звярнуліся на гарачую лінію АТН. Марына Раманоўская ацаніла ўрон ад хвастатага суседства.

Валянціна Мядзведская ўжо даўно не адчувае сябе гаспадыняй на сваім жа падворку. Віной усяму бабры, якія пасяліліся на ўскраіне вуліцы пару гадоў таму. І калі раней у агародзе з'яўляўся толькі адзін няпрошаны госць, зараз, абураецца Валянціна Мядзведская, прыходзіць цэлая сям’я.

Пра тое, што калісьці на прысядзібным участку расла бяроза, зараз паказвае вось гэты пянёк. Дрэва, гаворыць жанчына, бабры згрызлі літаральна за ноч. Але больш за ўсё жывёлінам спадабаліся яблыні і грушы. Пасля чарговага нашэсця баброў добры ўраджай сабраць не атрымалася.

Маляўнічыя месцы бабрам спадабаліся невыпадкова. Побач з домам густыя зараснікі і вялікая сажалка. Сцяжынка ад яе вядзе прама да кветніка. А вось і свежыя сляды - гэтым разам грызунам спадабаліся кусты парэчкі.

Не ратуе нават алюмініевая сетка. А нядаўна побач з сажалкай з'явілася яшчэ адна сцяжынка, якую бабры прадоўжылі прама да дома. Не палохае жывёлін нават вартавы сабака Дружок.

Адахвоціць баброў ад сельскіх падворкаў дапамагаюць спецыялісты, закопваюць норы. Адстрэльваць грызуноў не будуць, і не таму, што футравыя шапкі ўжо не ў модзе. Спецыялісты знайшлі больш гуманнае рашэнне - адлавіць баброў. Іх новым домам стане заапарк.

А пакуль Валянціна Мядзведская падлічвае шкоду ад нашэсця баброў. І прызнаецца, што наўрад ці пойдзе глядзець на іх у заапарк.