Веласезон у разгары - дзе бяспечна захоўваць веласіпед

11 июля 2023

Веласезон у самым разгары. З пачатку года ў Беларусі выкралі амаль 600 веласіпедаў. Толькі ў Мінску зарэгістравана больш за 10 ДТЗ з удзелам двухколавага транспарту. Пра сітуацыю на дарогах сталіцы і пра тое, як зберагчы свайго жалезнага каня -  Кацярына Страха.

Мінчанка Таццяна Навіцкая - велааматар са стажам. Таму і  занепакоена  пытаннем, дзе зручна і бяспечна захоўваць свой экатранспарт. Падымаць веласіпед на сёмы паверх некалькі разоў на дзень жанчыне складана, а ў двары пакідаць страшна. Статыстыка ад праваахоўнікаў гэта пацвярджае. Толькі з пачатку года ў сталіцы выкралі больш за 30 веласіпедаў. 

Зберагчы двухколавага сябра дапаможа велагараж.  У сталічным мікрараёне Чыжоўка  на вуліцы Ташкенцкай ён разлічаны прыкладна на 30 месцаў. Абслугоўванне такога мабільнага паркінга ўладальніку веласіпеда абыходзіцца  прыкладна два-тры рублі штомесяц.

Летась у сталічных дварах  па ініцыятыве саміх жыхароў усталявалі  22 байк-гаражы. Там "прапіску" атрымалі  амаль 700 веласіпедаў. Будаўніцтва такіх канструкцый працягнецца - у залежнасці ад патрэб насельніцтва.

Папулярнасць экатранспарту ў сталіцы расце, а разам з ёй развіваецца і адпаведная інфраструктура. 

Прайшлі тыя часы, калі веласіпедысты, уладальнікі і арандатары электрасамакатаў і іншага "зялёнага" транспарту стаялі перад дылемай: па тратуарах ездзіць нязручна, а па дарогах агульнага карыстання небяспечна. Гэта раней у сталіцы была толькі адна паўнацэнная веладарожка, якая ператварылася, хутчэй, у прагулачны маршрут для ўсіх жадаючых.

Праспект Дзяржынскага - адна з ажыўленых магістралей сталіцы. Тут жа і веласіпедная дарожка. За трафікам сочаць супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі.

Падчас рэйдаў дарожныя міліцыянеры сочаць за правіламі перамяшчэння веласіпедаў і самакатаў, каб прадухіліць узнікненне аварыйных сітуацый. Манітораць і рух аўто - наколькі  вадзіцелі выконваюць правілы дарожнага руху.  

Згодна з новымі правіламі дарожнага руху, веласіпедысты і ўладальнікі самакатаў на пешаходных пераходах могуць не спешвацца. І рухацца яны павінны з хуткасцю пешаходаў не больш за 25 кіламетраў за гадзіну.