Ахвяр нечалавечай жорсткасці ўспаміналі ў Красным Беразе

3 мая 2017

Яны сталі донарамі крыві для салдат вермахта. А затым былі закатаваныя і спаленыя. Ахвяр нечалавечай жорсткасці ўспаміналі сёння ў Красным Беразе. Тут падчас Вялікай Айчыннай знаходзіўся канцлагер, у якім дзеці былі донарамі для параненых нямецкіх салдат. З дзвюх тысяч вязняў канцлагера выжыць удалося толькі адзінкам.

Вольга Халадовіч пра тое, што нельга забыць. Гэта завяшчанне маленькая вязніца Каця Сусаніна напісала свайму бацьку. Дзяўчынка ведала, што ўжо ніколі яго не ўбачыць. Як, зрэшты, і іншыя дзеці, якія аказаліся ахвярамі кароткага дзяцінства. Канцлагер у Жлобінскім раёне яшчэ называюць дзіцячай Хатынню.

У Красным Беразе немцы заснавалі дзіцячы донарскі лагер. Тут забіралі кроў для параненых нямецкіх салдат і афіцэраў. А целы маленькіх загінуўшых донараў спальвалі.

Першая група крыві, дадатны рэзус-фактар і славянская знешнасць. У лагер смерці Красны Бераг немцы адбіралі малых. Дагэтуль дакладна невядома, колькі дзяцей сталі яго вязнямі. Паводле розных звестак, да дзвюх тысяч. Выжыць удалося адзінкам.

Адзін з іх - Анатоль Чайкоўскі. Былы вязень у канцлагер трапіў у 10 гадоў. Гора, страх, голад і доўгачаканае вызваленне толькі ў 1944. Сюды прыходзіць не часта. Але, гаворыць, з тым, не па-дзіцячаму цяжкім болем жыве кожны дзень, усё сваё жыццё.

Людміла Мялашчанка 10 гадоў таму правяла тут сваю першую экскурсію. Яшчэ да афіцыйнага адкрыцця мемарыяла. З тых часоў іх было ў яе каля тысячы. Сёння гэтая старонка гісторыі вайны стала яе асабістым перажываннем. Абыякавых тут не было ніколі.

На гэтым белым караблі надзеі - дзясяткі імёнаў дзяцей, загінуўшых у канцлагерах. Побач яркія каляровыя малюнкі - кветкі, птушкі і прынцэса. Той іншы свет, які, нягледзячы ні на што, змаглі захаваць тыя, хто апынуўся на кароткім беразе дзяцінства.