Заўтра нашу сталіцу пачнуць упрыгожваць кветкавымі пано

21 апреля 2015

Жывыя кампазіцыі да свята Вялікай Перамогі расцвітуць у кожным раёне. У гэтым сезоне для тэматычных кветнікаў выкарыстоўваюцца рознакаляровыя расліны і нават злакавыя травы. Прысвячаюцца кампазіцыі 70-годдзю Перамогі. 

Якія кветкавыя тэндэнцыі чакаюць Мінск, ведае Юлія Токар.

У Мінску пачалі ўпрыгожваць кветкамі вуліцы. Усе газоны прыведзены ў парадак, засеяны травой, а на некаторых клумбах ужо хутка расцвітуць цюльпаны. Іх разам з нарцысамі і крокусамі высаджана больш за 300 000. Квітнеюць раннія хмызнякі - ярка-жоўтыя фарзіцыі. Яны непераборлівыя, таму і першымі выкарыстоўваюцца ў азеляненні.

Самы буйны раён сталіцы - Фрунзенскі - упрыгожаць амаль 10 000 кветак віёлы. Палітра колераў разнастайная - ад аранжавых да фіялетавых. Цешыць вока жывыя пано будуць амаль да чэрвеня. Пасля ім на змену высадзяць больш цеплалюбівыя кветкі.

У гэтым сезоне павялічаць высадку хвойных і шматгадовых раслін. Упершыню будуць выкарыстоўваць злакавыя травы: аўсяніцу, лісахвост і сорга. Яшчэ адна навінка - аб’ёмныя вертыкальныя канструкцыі і ракарыі, пры афармленні якіх, акрамя кветак, выкарыстоўваюцца камяні. Такія ўпрыгожанні з’явяцца на ўездах у горад і на праспектах.

Хутка ля Палаца прафсаюзаў з’явіцца палатно з жывых кветак. Рознакаляровыя бягоніі, пірэтрумы і петуніі з выкарыстаннем неапластыка створаць аб’ёмныя фігуры. Такія кветкавыя кампазіцыі з’явяцца ля музея Вялікай Айчыннай вайны і ў кожным раёне.

Тэматычныя кампазіцыі прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі. Дарэчы, усе высаджаныя кветкі расцвітуць да свята.