Завяршылася фінальнае шоу конкурсу Місіс Сусвет - 2013

23 августа 2013

У жніўні завяршылася фінальнае шоу конкурсу Місіс Сусвет - 2013 на востраве Аруба - гэта на поўдні Карыбскага мора, зусім побач з Венесуэлай. Па рашэнні прафесійнага і шматнацыянальнага журы галоўную карону атрымала Святлана Кузняцова, у дзявоцтве Крук, родам з Гродна. Зараз Святлана жыве ў Маскве, але з гонарам прадстаўляла сваю Беларусь, нават у каманду памочнікаў запрасіла толькі беларускіх спецыялістаў. Каралева прыехала ў Мінск толькі на адзін дзень.

Пра ўсё падрабязна наш культурны аглядальнік Ларыса Гулякевіч.



Каранаваная каралева без кароны, гэта значыць без асаблівых амбіцый і манерных паводзін, улічваючы шлейф шматлікіх перамог на міжнародных конкурсах прыгажосці. Яна сапраўдная! Як прынцэса на гарошыне. Прыгажосць, элегантнасць, інтэлігентнасць і… інтэлект.


Пасля перамог у такіх прэстыжных конкурсах, як Міс Беларусь - 1998, а гэта быў першы нацыянальны конкурс краіны, затым Міс СНД - 1999 у Маскве, фінал Міс Еўропа у тым жа годзе ў Бейруце і ўдзелу ў Міс свету - 2000 у Лондане і шматлікіх іншых міжнародных конкурсах вось зараз, узяўшы карону Місіс Сусвет - 2013, нават не верыцца, што Святлана - клапатлівая маці, кахаючая і каханая жонка. Ды яшчэ выкладчык матэматыкі ў сярэдняй маскоўскай школе. Па выніках Настаўнік года - 2010 Кузняцова ўвайшла ў дзясятку лепшых педагогаў Масквы.


У Святланы двое сыноў і каханы муж. Дарэчы, пасля чарговага конкурсу прыгажосці малады чалавек, уражаны прыгажосцю Святланы, узяў тэлефонны даведнік і абтэлефанаваў усіх дзяўчат па прозвішчы Крук. На сёмы раз яму пашанцавала. Яны са Святланай прызначылі сустрэчу і без даўгачасных заляцанняў пажаніліся. Сапраўдная гісторыя пра Папялушку.


Падрыхтоўку нацыянальнага ўбору і вячэрняй сукенкі для фінальнага выхаду ў конкурсе Місіс Сусвет - 2013 Святлана Кузняцова даручыла маладому беларускаму дызайнеру Юліі Латушкінай.