Зіма, якая зацягнулася, павольна адыходзіць

7 апреля 2013

І гэта, бадай, той выпадак, калі павольна - значыць, добра. Бо чым больш снегу зімой, тым больш вады вясной, а снегу сёлета, як вядома, выпала вельмі шмат. Толькі начны мароз стрымлівае патокі. Ну і калі звыклых палешукоў гэтым ці наўрад спалохаеш, то жыхароў раёнаў, дзе паводкі раней бачылі толькі па тэлевізары, вясновая вада ўсхвалявала не на жарт. Хто хвалюецца дарма, а хто хвалюецца, сапраўды, па справе?


Наш карэспандэнт  Уладзімір Каралёў вывучыў чорныя плямы на карце ратавальнікаў і ацаніў сілы МНС і саміх людзей перад  стыхіяй.


Паводка ў Жыткавіцкім раёне пачынаецца з падворка Зінаіды Міхайлаўны. Вада паглынула яе агарод і луг, куды пенсіянерка рэгулярна выводзіла адзіную ў вёсцы карову, і літаральна застыла перад варотамі яе гаспадаркі, крыху  падкасіўшы плот.


(Зінаіда Ярмоленка: Ужо вось у хлеў заходзіць. Нас падмывае. Хлеў падмывае і ён хіліцца. Ён застрахаваны, але хай даюць страхоўку. Плаціць ніхто не хоча, каму мы давалі грошы?)


Вада падыходзіць да парога Зінаіды Міхайлаўны ўжо другі раз за месяц. Зрэшты, за доўгія гады пражывання тут жанчына прывыкла да няпрошанага госця. Як бы ні скардзілася пенсіянерка, эвакуявацца з падтопленага падворка не хоча.


(Зінаіда Ярмоленка: Я не баюся яе. Я ўжо прывыкла. Мы тут 38 гадоў жывём.)


(Андрэй Туравец, начальнік Жыткавіцкага раённага аддзела па надзвычайных здарэннях: На гэты момант узровень ракі Прыпяці складае 536 сантыметраў. Штодня рака дабаўляе 4-5 сантыметраў. У раёне распрацаваны на выпадак папярэджання і ліквідацыі надзвычайных здарэнняў план асноўных арганізацыйных мерапрыемствеў і наступстваў ад іх.)


Узровень вады 5,5 метраў не крытычны для Палесся, якое штогод тоне ад Прыпяці.


Геаграфічна Прыпяць знаходзіцца за 100 метраў адсюль. Зараз рака разлілася на кіламетры, затапіўшы бліжэйшыя лугі. Зрэшты, ёсць і тыя, хто не баіцца воднай стыхіі. Сёння ў трэндзе ў мінчан домікі на беразе ракі.


На руку разліў браканьерам. Плошча патрулявання лодак прыродааховы ўзрасла ў некалькі разоў.


Самі мясцовыя жыхары да вялікай вады прывыклі. Добры ўраджай у палешукоў - падарунак Прыпяці. Яна для іх госць, які прыходзіць са сваімі дарамі. Ачышчаючы глебу, вымываючы з зямлі шкодную хімію, яна напаўняе палі і гароды водарасцямі, якія пазней ператвараюцца ва ўгнаенні. Разліваючыся на кіламетры, рыба з палескай ракі разводзіцца ў найбліжэйшых азёрах.


(Андрэй Туравец, начальнік Жыткавіцкага раённага аддзела па надзвычаных здарэннях: Праведзены інжынерныя мерапрыемствы, два населеныя пункты наогул  выключаны са спісу небяспечных.)


Вось ён - палескі парадокс: калі ратавальнікі ўзвялі дамбу, тым самым выратавалі дзве вёскі ад затаплення, праз тры гады ў мясцовых жыхароў пагоршыўся ўраджай. Вялікая вада, прыносячы страты, кампенсавала яго ўрадлівасцю. Спрадвеку дамы тут узводзяць на ўзгорках. Нягледзячы на тое што ў Палессе зараз падтоплены сотні падворкаў, а гэта агароды, платы і двары, вада ў жылых дамах не ў многіх. Сітуацыя значна ўскладняецца, калі ўзровень Прыпяці ўзнімаецца на 6 метраў. Так было ў 1999 годзе.


Прыкладна раз за 20 гадоў Палессе літаральна залівае. Крытычнымі для гэтага рэгіёну былі 1979 і 1999 гады, тады ўзровень вады перавышаў6,5 метра. Многія дарогі ў гэтым рэгіёне выконваюць функцыю дамбы. Яны  вышэй за узровень зямлі і здольныя затрымаць разводдзе ракі. Але тады, 14 гадоў таму, і яны  былі бяссільныя.


(Ганна Вашкова, старшыня Перароўскага сельскага выканкама: У 1999 годзе ў нас цалкам уся вёска Хлупін была падтоплена. Прарвала дарогу і вада лінула да населенага пункта.)


Густыя лясы Палесся населеныя рысямі, ваўкамі і дзікамі. Хоць лес і знаходзіцца недалёка ад вёскі, мясцовыя жыхары там госці не частыя. Але, калі прыходзіць вялікая вада, ад бязвыхаднасці людзі разам з гаспадаркай пакідаюць свае дамы.


На гэтым тыдні больш за ўсё страты Прыпяць з яе прытокамі нанесла Мазырскаму раёну, падтапіўшы каля 200 падворкаў. Паводле прагнозаў, узровень вады падчас вясновай паводкі дасягне рэкордных значэнняў. МНС ужо вызначыла 43 найбольш небяспечныя раёны. Гэта каля 150 населеных пунктаў. Надвор'е пакуль на баку ратавальнікаў. Невялікі плюс не дазваляе хутка раставаць снегу, а значыць, хутка ўзнімацца ўзроўню вады. У хуткім часе адтаваць пачне і поўнач Беларусі. Зрэшты, паводкі штогод на асабістым кантролі ў Кіраўніка дзяржавы.


Зараз у Беларусі   дзейнічаюць 130 гідралагічных пастоў. Яны размешчаны ў раёнах з найбольшай рызыкай падтаплення. Створаныя таксама штабы рэагавання і зводныя атрады, гатовыя пачаць ліквідацыю надзвычайнага здарэння ў любы час.