Зацікавіць турыстаў узяліся маладыя рацыяналізатары з Магілёўскага цэнтра гарадскіх ініцыятыў

24 августа 2019

Расказаць пра гістарычнае мінулае сваёй малой радзімы, да таго ж  зацікавіць турыстаў узяліся маладыя рацыяналізатары з Магілёўскага цэнтра гарадскіх ініцыятыў. Ім належыць ідэя ўсталяваць на месцах былых храмаў, значных грамадскіх збудаванняў таблічкі з інфармацыяй пра іх і іх відарысам. Ідэю падтрымалі мясцовыя ўлады. Андрэй Ястрабаў пераканаўся: гэта будзе быццам вандроўка на машыне часу. 

Магілёў з 752-гадовай гісторыяй шмат мог бы расказаць пра сваё мінулае. Далучэнне да Вялікага Княства Літоўскага, жыццё ў складзе Рэчы Паспалітай, Айчынная вайна, Першая сусветная, Кастрычніцкая рэвалюцыя, Вялікая Айчынная. І - маштабнае абнаўленне.

Зразумела, горад змяніўся за гэты час. Дзе былі дарожныя артэрыі, цяпер жылыя кварталы, значныя сацыяльныя ўстановы. І наадварот. Плошча Славы - калісьці тут былі гандлёвыя аб’екты, крамы. 

Каб уявіць, якім быў горад некалькі стагоддзяў таму, зазірнём у галоўны яго сімвал - Ратушу. Тут і цяпер нібыта працуе магістрат з войтам. Мадэлі адзення і краявіды горада - у творах мастака Базыля Камарова і ў велізарным габелене паводле малюнкаў замежнага вандроўніка. 

Велізарную калекцыю рарытэтаў мінулых стагоддзяў удалося сабраць і музею этнаграфіі. Фотаздымкі вуліц Магілёва. Посуд, шафы. 

Быццам бы заходзіш у сапраўдную краму. А яшчэ - магчымасць акунуцца ў атмасферу шляхецкага побыту. З гасцёўняй, настольнымі гульнямі. 

А вось некаторыя прыгожыя збудаванні аднавіць удалося толькі на макеце горада. Напрыклад, Богаяўленскі, Спаскі саборы, Уваскрэсенскую царкву. Усё, што засталося ад Іосіфаўскага сабора, цяпер захоўвае абласны краязнаўчы музей - купель, некалькі абразаў. Толькі на малюнку можна ўбачыць, і як выглядала гандлёвая плошча з домам губернскага ўпраўлення, урачэбнай управай.

Ладзіць начныя экскурсіі, прыгожа размалёўваць сцены дамоў - ідэі маладых рацыяналізатараў гарадскога Цэнтра ініцыятыў з Магілёва падтрымала ўся Беларусь. Расказаць турыстам, ды і проста звычайным мінакам пра важныя месцы горада - цяпер іх новы праект. 

Першая такая таблічка ўжо ўсталяваная на цэнтральнай вуліцы горада. Справа за іншымі.