У сельскагаспадарчых прадпрыемствах Гомельскай вобласці працягваюцца палявыя работы

5 октября 2019

Уборка кукурузы, нарыхтоўка кармоў і сяўба азімых. У сельскагаспадарчых прадпрыемствах Гомельскай вобласці працягваюцца палявыя работы. Праўда, іх тэмпы часам значна адрозніваюцца. Што перашкаджае гаспадаркам выконваць агратэхнічныя патрабаванні ў аптымальныя тэрміны, хто з рэгіёнаў зараз у лідарах аграрнай гонкі, высвятляла Ганна Кавалёва.

Гэты пасяўны агрэгат сельгаспрадпрыемства "Завідаўскі" набыло ў мінулым годзе. Яго канструкцыя дазваляе праводзіць сяўбу адначасова з унясеннем мінеральных угнаенняў. Гэта значыць, што літаральна кожная гранула трапляе да насення.

Планка сяўбы ў 100 % ад плана ў гаспадарцы ўжо дасягнута. І гэтае поле засяваецца ўжо звыш нарматыўнага аб’ёму - як страхавы фонд. У "Завідаўскім" кажуць: сакрэт хуткай працы, акрамя сучаснай тэхнікі, строгае выкананне агратэхнічных нарматываў. Дзякуючы гэтаму на некаторых палетках азімыя ўжо ўзышлі. Цяпер справа за надвор’ем. Калі зімой яно будзе спрыяльным, у наступным годзе можна разлічваць на добры ўраджай. 

На палетках "Завідаўскага" працягваецца і нарыхтоўка кармоў. Створаны больш як паўгадавы запас. А гэта гарант стабільнага развіцця жывёлагадоўлі, павелічэнне даходаў і рост зарплаты. Увогуле ў гэтай гаспадарцы яна значна вышэйшая за сярэднюю па раёне. І тэндэнцыю плануюць замацаваць. Аднак такая карціна далёка не ў кожнай гаспадарцы. Месцамі тэхніка эксплуатуецца больш чым па 15 гадоў. Адсюль частыя прастоі і немагчымасць правесці работы ў аптымальныя тэрміны.

Нягледзячы на гэта, сяўба ў Гомельскай вобласці ідзе хутчэй, чым летась. Завяршыць яе плануюць літаральна ў найбліжэйшыя дні.

Дарэчы, масавая сяўба азімых збожжавых у Беларусі стартавала на пачатку восені. З першых крокаў наперад вырваліся Магілёўская, Мінская і Брэсцкая вобласці. Агульная ж задача для ўсіх рэгіёнаў - сёлета засеяць азімымі  мільён 352 тысячы гектараў.

Акрамя пасяўных работ сілы аграрыяў зараз накіраваны на ўборку кукурузы. Ключавая дата - 20 кастрычніка. Для асобных раёнаў краіны ў залежнасці ад умоў надвор'я задача сабраць ураджай не пазней за першыя дні лістапада. Другі ж беларускі хлеб - бульбу - трэба ўбраць да 14 кастрычніка.